Хвалебныя таямніцы

Хвалебныя таямніцы

1. Змёртвыхпаўстанне Хрыста

«Няма Яго тут, бо ўваскрос, як сказаў» (Лк24, 6).

Перад намі Уваскрэслы Хрыстус, Пан жыцця і смерці. Яго Змёртвыхпаўстанне выявіла Ягоную Боскасць, паставіла пячатку пад нашым адкупленнем і ўзмоцніла нашую веру. Марыя, якая на Галгоце не пахіснулася ў веры, бачыць Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Яна праз выпрабаванні майго жыцця давядзе і мяне да свайго ўслаўленага Сына. Аднак я не павінен хістацца ў веры, я не маю права паўтараць ранейшыя грахі.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

2. Унебаўшэсце Езуса Хрыста

«Калі Езус благаславіў Апосталаў, адышоў ад іх і ўзняўся ў неба. Яны ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалем з вялікай радасцю» (Лк 24,51-52).

Хрыстус, Валадар сусвету, узыходзіць у неба. Выканаўшы справу, даручаную Айцом, Езус вяртаецца да Яго. Аднак Ён не забываецца пра тых, каго адкупіў. Езус рыхтуе для іх жыллё ў небе. Я таксама спадзяюся быць у ліку збаўленых. У гэтым мне дапаможа Найсвяцейшая Маці, а я буду асцерагацца ўсялякага граху. Буду маліцца таксама за маіх памерлых блізкіх, каб Хрыстус як найхутчэй прыняў іх у нябесную айчыну.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

3. Спасланне Святога Духа

«І стаўся раптам з неба шум, як бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом... І паказаліся ім як бы вогненныя языкі, і спачыў на кожным з іх. І ўсе напоўніліся Духам Святым» (Дз 2, 2).

Касцёлам кіруе і распараджаецца Святы Дух. Чым цясней мы злучаны з Касцёлам, тым глыбей, дзякуючы дапамозе Святога Духа, узрастаем у Хрысце. У шчырай малітве я дзякую за дары Святога Духа і асабліва прашу за моладзь, каб асвечаная Святым Духам, правільна расчытала сваё пакліканне. Няхай Марыя і ўва мне ўзмацняе любоў да Касцёла і клопат пра яго развіццё.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыi

«Благаславёнай будуць называць Мяне ўсе народы» (Лк 1, 48).

Для Марыі настала радасная хвіліна расстання з гэтым светам. Пасля заканчэння жыцця на зямлі, Яна з душой і целам была ўзятая ў неба. Каб мая смерць была шчаслівай, я павінен рыхтавацца да яе на працягу ўсяго майго жыцця. Гэтага нельга адкладваць на апошнюю хвіліну. Марыя, прашу ў Цябе найважнейшай ласкі, каб некалі быць разам з Хрыстом і Табой у небе. Прыйдзі па мяне ў хвіліну смерці і пасля зямнога выгнання акажы мне ласку бачыць благаславёны плод улоння Твайго, Езуса, майго Пана.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

5. Укаранаванне Найсвяцейшай Дзевы Марыi Ў небе

«Благаславёныя ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю» (Мц 5, 5).

Марыя - наша Каралева, Валадарка зямлі і неба. Яна дзеліць са сваім Сынам Яго каралеўскую хвалу. Марыя, заўсёды ціхая і верная служка Пана, горача прагне, каб Каралеўства Яе Сына пашыралася. Няхай прагненне Марыі будзе і маім прагненнем. У гэтай таямніцы я прашу за людзей, якія жывуць нязгодна з Божым правам, каб выпрасіць для іх ласку вяртання да дабра і прабывання ў ім.

Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... Літанія да Найсвяцейшай Дзевы Марыі...