1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
(пар. Лк 1, 26–38)
«Увайшоўшы да Яе, анёл сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою, благаславёная Ты між жанчынамі!» (Лк 1, 28).
Бог выбраў Марыю на Маці Збавіцеля. Богу падабаліся Яе пакора і прастата. Яна была гатовая выканаць волю Нябеснага Айца. Марыя гаворыць: «Вось я, слуга Пана Бога, няхай жа мне станецца паводле Твайго слова». Пасля гэтых слоў адбываецца цуд: Уцелаўленне Божага Слова моцай Святога Духа. Божая воля павінна быць асноўным прынцыпам майго жыцця. Мне трэба накіраваць усе мае сілы на яе выкананне, таксама і тады, калі мне гэта будзе цяжка. Я хачу, як Марыя, заўсёды адказваць Богу: «Так!».
Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...
2. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
(пар. Лк 1, 39–47)
«Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, устрапянулася дзіцятка ў яе лоне і яна напоўнілася Духам Святым», і ўсклікнула: «Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго!» (Лк 1, 41-42).
Калі Марыя стала Маці Збавіцеля, яна неадкладна накіравалася да сваёй сваячніцы Альжбеты і дапамагала ёй у штодзённай працы. У сваёй паслузе Марыя прыносіць Божае благаславенне. Знакам праўдзівага Божага духа з‘яўляецца шчыры і радасны клопат пра іншых. Праз бескарыслівую дапамогу бліжнім я таксама буду імкнуцца трываць у справе збаўлення.
Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...
3. Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста
(пар. Лк 2, 6–11)
«Марыя нарадзіла Свайго першароднага Сына, спавіла Яго ў пялёнкі, і палажыла ў жолабе, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2,7).
У Бэтлеемскім гроце прыходзіць на свет Збавіцель. Ні ў адным доме не знайшлося месца для Святой Сям‘і. Пан прыходзіць да сваёй уласнасці, але людзі не прымаюць Яго. Марыя і Юзаф зносяць усё без нараканняў і скаргаў. Яны ахвяруюць Богу свае цярпенні: стамляльную дарогу, убоства, непрызнанне, пакінутасць і абыякавасць да сябе з боку іншых. Тут, у Бэтлееме, Святая Сям'я вучыць мяне ахвярнасці. Я буду цярпліва зносіць розныя нястачы і памятаць пра тое, што «багатаму цяжка ўвайсці ў Божае Валадарства».
Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...
4. Ахвяраванне Езуса ў святыні
(пар. Лк 2, 22– 35)
«Калі прайшлі дні ачышчэння паводле Права Майсея, занеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану» (Лк 2,22).
Марыя, заўсёды гатовая да ахвяры, простая і паслухмяная, ахвяруе Збавіцеля ў святыні. Яе жыццё
цалкам накіраванае да Бога; у ёй няма ніякай палавінчатасці і ашчадлівасці ў адносінах да Яго. Багародзіца вучыць мяне быць верным Богу нават тады, калі паслухмянасць яго наказам патрабуе ад мяне вялікай самаахвярнасці. Я буду пазбягаць ўсялякай упартасці, пярэчанняў і слоў, нязгодных з Божай воляй.
Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...
5. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
(пар. Лк 2, 43–49)
«Пасля трохдзённых пошукаў Марыя і Юзаф знайшлі Яго ў святыні, як сядзеў пасярод вучоных у Святым Пісанні. Ён слухаў іх і пытаўся ў іх. Усе ж, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных» (Лк 2, 46).
Як жа трывожылася Марыя, шукаючы свайго Сына! Тое, што Езус застаўся ў святыні, прычыніла Ёй вялікае цярпенне. Знайшла Яго з вялікай радасцю. І я магу, учыніўшы грэх, страціць Езуса. Тады я павінен шукаць Яго ў Касцёле, слухаць Ягоныя словы, узмоцнена маліцца і ў сакрамэнце Пакаяння зноў паяднацца з Ім. Няхай памяць пра гэтую таямніцу аберагае мяне ад духоўнай ляноты і смяротнага граху. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...