Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Вялікі пост 2017

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

У мінулую сераду вельмі красамоўным абрадам пасыпання галоваў асвечаным попелам мы распачалі ў Касцёле літургічны перыяд Вялікага посту. Перад намі сорак дзён асаблівага часу ласкі, які павінен духоўна падрыхтаваць нас да адзначэння найважнейшага свята ў літургічным годзе – Уваскрасення Езуса Хрыста. Гэтыя дні велікапоснай падрыхтоўкі да велікодных святаў павінны праходзіць пад знакам змярцвення, навяртання і пакаяння. У Вялікі пост кожны з нас запрошаны да намагання духоўнага перамянення, вызвалення з няволі граху, аднаўлення ўласнай веры і любові з Панам Богам.

Калі ў Папяльцовую сераду святар здзяйсняе абрад пасыпання галоваў попелам, то кажа пры гэтым словы: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”. І сапраўды, у сваім часовым, цялесным вымярэнні чалавек з’яўляецца прахам, а чалавечае жыццё тут, на зямлі, - крохкае і недасканалае, пазначанае цярпеннем і няўмольным прабяганнем.

Але гэта не ўся праўда аб чалавеку. Як чытаем у Святым Пісанні, жменю праху Бог узяў у свае рукі, сфармаваў з любоўю, адарыў подыхам жыцця і зрабіў з яе свой шэдэўр – чалавека разумнага і свабоднага, здольнага спазнаваць, слухаць і любіць свайго Стварыцеля. А таму прызначэнне чалавека і мэта яго зямной вандроўкі – не ператварэнне ў прах, з якога ён быў узяты, але дасягненне сапраўднага шчасця, якім з’яўляецца вечнае жыццё ў Богу.

На жаль, заўсёды існуе рызыка, што чалавек забудзе аб гэтай найважнейшай мэце свайго жыцця. У штодзённым імкненні, у клопаце аб задавальненні асноўных матэрыяльных патрэбаў, у нястомных стараннях забяспечыць сабе і сваёй сям’і годныя жыццёвыя ўмовы, у адчуванні няўпэўненасці і страху наконт далёкай і блізкай будучыні не адзін сучасны хрысціянін неяк губляе з поля бачання тое, што найважнейшае, значыць духоўнае, рэлігійнае вымярэнне свайго жыцця, забывае аб сваім пакліканні да вечнасці і дае цалкам паглынуць сябе часовым справам.

Таму нам патрэбны гэтыя перыяд Вялікага посту, каб глыбей зазірнуць у сябе, спыніцца над уласным жыццём, больш увагі прысвяціць духоўным справам і клопату аб вечным збаўленні. Вялікі пост – час навяртання, ці адважнага разарвання з грахом, са злом, з усім, што нас духоўна знявольвае і аддаляе ад любячага Бога.

Сённяшняе Евангелле паказвае нам Пана Езуса, які на пачатку публічнай дзейнасці перажывае свой саракадзённы пост і спакушаецца д’яблам. Мы бачым, што нават Сын Божы не быў уратаваны ад неабходнасці супрацьстаяць атакам злога і весці бязлітасную духоўную барацьбу. Пан Езус атрымлівае перамогу над шатанам, бо да канца паслухмяны волі Айца Нябеснага, заўсёды кіруецца Божым словам і не дае падмануць сябе ілюзіямі лёгкіх вырашэнняў і поспехаў, дасягнутых танным коштам.

Паколькі ў нашым духоўным жыцці мы таксама зведваем спакусы, будзем моцна трываць з Панам Богам, слухаць Яго слова і ўмацоўвацца ласкай, каб паспяхова супрацьстаяць злу, якое прагне нас зняволіць.

Пан Бог у сваёй айцоўскай дабрыні дае нам надзейныя сродкі для барацьбы з грахом. Гэта малітва, пост і міласціна.

Няхай Вялікі пост, які пачынаецца, будзе часам нашай узмоцненай, гарачай малітвы. Не будзем абмяжоўвацца ў гэты час ласкі ўдзелам у нядзельнай святой Імшы. Будзем наведваць таксама такія прыгожыя, багатыя ў сваім значэнні і асвечаныя шматвекавой традыцыяй пакутныя набажэнствы, як Крыжовы шлях і Песні жальбы, якія дапамагаюць нам у разважанні аб збаўчай Муцы нашага Пана Езуса Хрыста. Прымем удзел у рэкалекцыях і днях духоўных разважанняў, прыступім да сакрамэнту паяднання і прымем святую Камунію. Паклапоцімся і аб практыкаванні супольнай малітвы ў нашых сем’ях, прысвецім больш часу асабістай малітве і чытанню Божага слова.

Вялікі пост з’яўляецца таксама часам змярцвення. Сапраўдны пост – гэта не толькі абмежаванне ежы, але і выхаванне ўласнага сэрца і волі, у тым ліку праз адмаўленне сабе ў тых рэчах, якія маглі прыводзіць да залежнасці. Постам можа быць устрыманне ад алкаголю ці цыгарэт, абмежаванне карыстання тэлебачаннем ці інтэрнэтам, адмаўленне ад слухання музыкі ці азартных гульняў. Няхай дабравольнае прынятае велікапоснае змярцвенне будзе знакам перамогі духу над справамі прыземленымі і часовымі.

Вялікі пост – гэта і напамін аб практыкаванні міласціны, значыць дармовага дзялення матэрыяльнымі і духоўнымі дабротамі з тымі, хто мае ў гэтым патрэбу. Асаблівым чынам заахвочваў нас да гэтага Святы Айцец Францішак падчас Юбілею Міласэрнасці. Ён прасіў нас аб новым адкрыцці ўчынкаў міласэрнасці адносна душы і адносна цела, вучыў “уяўленню міласэрнасці”, ці злольнасці заўважаць патрабуючых вакол сябе, і нагадваў, што пад канец жыцця кожнага з нас будуць судзіць з любові. І, хоць Юбілейны Год ужо ў нас за спіной, дзверы Божай міласэрнасці застаюцца заўсёды адчыненымі, а заклік быць міласэрнымі не страчвае сваёй актуальнасці. Няхай Вялікі пост, які распачынаецца, будзе для кожнага з нас нагодай аказваць міласэрнасць нашым бліжнім.

Дарагія браты і сёстры!

У бягучым годзе прыпадае сотая гадавіна фацімскіх аб’яўленняў. У перыяд з мая да кастрычніка 1917 года Маці Божая аб’яўлялася траім дзецям з партугальскай Фацімы – Францішку, Жасінце і Люцыі – і праз іх пасрэдніцтва перадала ўсяму свету пасланне, якое заклікала да малітвы, асабліва ружанцовай, да навяртання, пакаяння і кампенсавання за грахі ўласныя і чужыя. У фацімскіх аб’яўленнях Марыя просіць таксама аб набажэнстве да Яе Беззаганнага Сэрца праз святкаванне першых пяці субот месяца і абяцае, што, калі будзем маліцца, навяртацца і каяцца, свет будзе ўратаваны ад страшных войнаў і катаклізмаў. Калі ж чалавецтва будзе трываць у зацвярдзеласці граху, яго чакаюць няўяўныя няшчасці і вялікія цярпенні.

Фацімскае пасланне, хоць і вельмі ўкаранёнае ў бурлівую і трагічную гісторыю ХХ стагоддзя, не губляе нічога са сваёй актуальнасці. Яно пазачасавае, бо заклікае чалавека да нястомнага навяртання, да пераадолення граху і знаходжання дабра, да ўнутранага перамянення і імкнення да святасці. І сёння, калі мы з’яўляемся сведкамі крывавых войнаў, насілля, тэрарызму, таптання фундаментальных правоў чалавека, а таксама барацьбы з Богам і Касцёлам, Маці Божая Фацімская ўлівае ў сэрцы сваіх шанавальнікаў давер і надзею на Божую міласэрнасць, якая мацнейшая за грэх і зло гэтага свету.

Няхай юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які набліжаецца, яшчэ больш мабілізуе кожнага з нас да глыбокага перажывання сёлетняга Вялікага посту, у духу сапраўднага пакаяння і шчырага навяртання.

Няхай час ласкі, які мы маем перад сабой, дапаможа нам нанова адкрыць неспасцігальныя багацці Божай міласэрнасці, спазнаць радасць прабачэння, якім адорвае нас Бог, і шчасце вяртання ў любячыя абдымкі Айца Нябеснага.

Жадаючы вам, дарагія дыяцэзіяне, плённага перажывання сёлетняга Вялікага посту і добрай падрыхтоўкі да святаў Уваскрасення Пана, даручаю кожнага з вас апецы і заступніцтву Маці Божай Фацімскай і ўсіх з сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Беларусь, Гродна,

Ул.Курчатава 41

+375 152 76 92 62

redemptorby@gmail.com

Яндекс.Метрика

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.