Святы Мікалай

Святы Мікалай

6 cнежня прыпадае літургічны ўспамін святога Мікалая. На працягу многіх стагоддзяў гэты святы належыць да найбольш знаных і шанаваных святых у хрысціянскім Касцёле. Толькі ў XII ст. пальма перамогі па папулярнасці ў заходнім Касцёле перайшла да св. Антонія Падуанскага (+1231). 

Грэчаскае імя Мікалай азначае «пераможны народ» ад дзеяслова «нікеон» – перамагаць. Гэтае імя мае шмат аналагаў у еўрапейскіх мовах: Ніколас, Міклас(-ш), Клаус, Нікалаўш, Ніколь – што з'яўляецца таксама сведчаннем папулярнасці святога Мікалая ў Еўропе.Да нас дайшло вельмі мала звестак пра жыццё і дзейнасць святога Мікалая. Шмат гістарычных дадзеных з яго жыцця абраслі легендамі і вымысламі, якія распаўсюджваліся вусным пераказам сярод людзей, утвараючы так званы агіяграфічны эпас, які мае мала супольнага з праўдзівым жыццём гэтага святога.Праўдападобна святы Мікалай нарадзіўся ў горадзе Патары ў Ліцыі (Малая Азія) каля 270 года. Быў адзіным дзіцём багатых бацькоў, якога яны выпрасілі ў Бога праз доўгія і гарачыя малітвы. З дзяцінства вылучаўся не толькі пабожнасцю, але і гарачай любоўю да бедных. Пасля смерці бацькоў падзяліўся сваёй вялікай маёмасцю з патрабуючымі: падкінуў тайком ноччу грошы тром дзяўчынам, якіх бацькі хацелі выдаць за багатых, але бязбожных жаніхоў, тым самым пазбавіўшы іх ганьбавання. Гэтае здарэнне нават адлюстраваў у сваім эпасе Дантэ.

Калі святы Мікалай быў абраны біскупам горада Міры (цяпер Дэмрэ), ён прыцягнуў сэрцы вернікаў не толькі стараннасцю пастыра, але перш за ўсё клопатам пра матэрыяльныя патрэбы ўбогіх і сірот.

Калі імператар Канстанцін Вялікі асудзіў на смерць трох людзей за невялікае злачынства, святы Мікалай сам пайшоў ў Канстанцінопаль і выпрасіў ім у кесара прабачэнне. Таксама ён уратаваў сваёй малітвай рыбакоў падчас буры на моры, менавіта таму лічыцца апекуном маракоў і ўсіх падарожных. Калі ў Мірах была эпідэмія, ён служыў хворым, рызыкуючы ўласным жыццём. Легенда падае, што святы Мікалай уваскрасіў з памерлых трох людзей, забітых уладальнікам гасцініцы, таму што яны не маглі заплаціць за начлег.

Папа святы Грыгорый Вялікі ў жыццярысе святога Мікалая падае, што ён быў кінуты ў вязніцу падчас пераследванняў Дыяклетыяна на пачатку IV стагоддзя. Вызвалілі яго толькі пасля Міланскага эдыкту імператара Канстанціна Вялікага ў 313 годзе. Святы Мікалай прымаў удзел у першым Саборы 325 года ў Нікеі, на якім была асуджана ерась Арыя.

Пасля доўгіх гадоў свайго біскупскага служэння Божаму люду святы Мікалай адышоў да Пана паміж 345 і 352 гадамі. Яго цела было пахавана ў Мірах, дзе спачывала да 1087 года. 9 мая таго ж года цела святога было перанесена ў італьянскі горад Бары, а 29 верасня адбылося ўрачыстае асвячэнне грабніцы, якое здзейсніў бл. Папа Урбан ІІ. Менавіта тут, пры труне св. Мікалая, у 1098 годзе праходзіў Сінод, мэтай якога было заключэнне уніі (саюзу) паміж усходнім і заходнім Касцёлам. Сярод 184 біскупаў – айцоў Сіноду – быў і св. Анзэльм Кентэрберыйскі, якога ў той час пераследвалі ў Англіі.

У Бары ў базыліцы св. Мікалая захаваўся дакумент, які апавядае, як рэліквіі святога былі перанесены з Міраў, дзе ў той час панавалі ўжо туркі. Два святары Люпус і Грынаальдус падкупілі туркаў і ноччу вывезлі парэшткі, тым самым апярэдзіўшы венецыянскіх купцоў, якія таксама хацелі іх мець у сябе, даючы за іх вялікія грошы. Цяпер святы Мікалай з'яўляецца галоўным патронам Бары, нягледзячы на тое, што да яго быў ім святы Сабін.У 1957 былі праведзены навуковыя даследванні рэліквій св. Мікалая. Удзел у іх прынялі папскі дэлегат кардынал Адэадата Ян П’яцца, кардынал Агаджан, 6 мітрапалітаў і 19 біскупаў. Згодна з вынікамі святы Мікалай меў нізкі рост – каля 167 см, але быў добра складзены, на момант смерці меў каля 72-80 гадоў. Яго рэліквіі выдзяляюць пахучы алей – мірру, якому прыпісваюць аздараўляльную моц. Склад яго не паддаецца акрэсленню з боку навукі.Першыя формы культу св. Мікалая бяруць пачатак ад VI ст., калі кесар Юстыніян пабудаваў у Канстанцінопалі базыліку, прысвечаную святому. Кесар  Васіль Македонскі у VII ст. у сваім палацы ўзнёс капліцу ў гонар святога, у Бары хадзілі шматлікія пілігрымкі. Да IX ст. у Рыме былі вядомыя ўжо дзве святыні ў гонар св. Мікалая. Папа св. Мікалай Вялікі (858–867), ушаноўваючы свайго апекуна, узнёс на Латэране капліцу ў гонар святога, а з часам ў Рыме колькасць святынь у яго гонар перавысіла 10.

У народнай каталіцкай традыцыі святы Мікалай лічыцца апекуном падарожных, дзяцей, дзяўчын на выданні, маракоў, рыбакоў, пекараў, а таксама вязняў.

Ва ўсходнім Касцёле ён з'яўляецца святым «у кожнай справе», як святы Антоній у заходнім Касцёле. Па ўсім свеце распаўсюдзілася традыцыя рабіць падарункі або ў дзень памяці св. Мікалая, 6 снежня, або на Божае Нараджэнне.

Усім нам вядомы звычай апранання ў святога Мікалая ў калядны ці навагодні час, калі добры святы прыносіць падарункі дзецям, хаваючы іх у шкарпэтцы пад падушкай. Нават Дзед Мароз у свецкай традыцыі – гэта постаць святога Мікалая, якую стварылі ў савецкія часы. Дзеці пішуць лісты ў Лапландыю, дзе жыве Санта-Клаус, каб ён, гледзячы на іх добрыя паводзіны, прыехаў да іх на санях, запрэжаных аленямі, і прывёз ім падарункі. Постаць святога Мікалая вельмі папулярная сярод мастакоў – сярод іх можна пералічыць Гадзі, Дрэерса, да Крэма, Цэпаля, Тыцыяна. Найстарэйшую выяву святога Мікалая можна ўбачыць у адным з касцёлаў у Бейруце – гэтая арабская фрэска паходзіць з VI ст.У вёсках святы Мікалай з'яўляецца апекуном пастухоў, ён ахоўвае хатнюю жывёлу ад хвароб і ваўкоў, таму пастухі захоўвалі пост у вігілію (напярэдадні) успаміну святога Мікалая – 5 снежня, а на сам успамін замаўлялі святую Імшу за жывёлу. З днём святога Мікалая звязаны таксама прыказкі: «На Мікалая пакінь воз, а закладзі сані», «Калі падае снег, то святы Мікалай трасе барадой». Святога Мікалая заклікалі і ва ўсіх нечаканых патрэбах, калі патрабавалі дамамогі гэтага цудоўнага святога.

Сучаснае жыццё, прасякнутае камерцыялізацыяй, малюе вобраз Санта-Клауса, які павінен прыехаць да нас на санях з Лапландыі і зрабіць падарункі. З гэтым звязана бегатня па магазінах і рынках, асабліва ў Адвэнт – час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Але не трэба забываць, што святы  Мікалай – гэта вялікі хрысціянскі святы, які сапраўды існаваў, служачы Богу і людзям, і за святасць яго жыцця Бог даў яму сілу і моц заступацца за нас, слабых людзей, якія маюць патрэбу ў яго малітоўнай дапамозе.

кс. Канстанцін Карака 

Паводле catholic.by

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.