Літургічны год

Літургічны год

Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста.

«На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы ад Уцелаўлення і Нараджэння аж да Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога, а таксама да чакання благаславёнай надзеі прыйсця Пана. Такім чынам адзначаючы таямніцу Адкуплення, Касцёл адкрывае багацце збавенных спраў і заслугаў свайго Пана. Яны нагадваюць аб сабе пэўным чынам у кожным часе, каб вернікі сустрэліся з імі і атрымалі ласку збаўлення» (SC, 102)

Касцёльны літургічны год пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту і працягваецца да суботы пасля апошняй звычайнай нядзелі – нядзелі Хрыста Валадара. Літургічны год падзяляецца на перыяды:

  1. Перыяд Адвэнту.
  2. Перыяд Нараджэння Пана.
  3. Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады.
  4. Перыяд Вялікага посту.
  5. Святы Пасхальны Трыдуум.
  6. Велікодны перыяд.
  7. Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога да першай нядзелі Адвэнту.

Перыяд Адвэнту

У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт, г.зн. перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні. У мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў.

Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.

Найважнейшыя святы:

  • 8.12. – урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Перыяд Нараджэння Пана

Урачыстасць Нараджэння Пана святкуецца 25 снежня. Таямніца Уцелаўлення Божага Сына ў літургіі святкуецца да нядзелі Хросту Пана, да таго часу, калі Касцёл згадвае хрост Езуса ў Ярдане ўслед за ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якую традыцыйна называюць святам Трох Каралёў.

Найважнейшыя святы:

  • 25.12. – Божае Нараджэнне Пана
  • 26.12. – свята св. Стэфана; Святой Сям’і
  • 1.01. – урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі (абавязковая)
  • 6.01. – урачыстасць Аб'яўлення Пана, Тры Каралі (абавязковая)

Звычайны перыяд

Найважнейшыя святы:

  • 2.02. – Свята Ахвяравання Пана (Грамніцы)

Перыяд Вялікага посту

Вялікі пост – саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у Святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.

Вялікі тыдзень – апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысвечаны разважанню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў святую ноч (святы пасхальны Трыдуум).

Найважнейшыя літургічныя дні святы:

  • Папяльцовая серада (пачатак Вялікага посту)
  • 19.03. – урачыстасць св. Юзафа (абавязковая)
  • 25.03. – Урачыстасць Звеставання Пана
  • Пальмовая нядзеля (пачатак Вялікага тыдня)

Святы Пасхальны Трыдуум

«Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрасення Пана пачынаецца з вечаровай Імшы Вячэры Пана, мае свой цэнтр ў Пасхальнай вігіліі і завяршаецца Нешпарамі нядзелі Уваскрасення». (Гл. Рымскі Імшал. Агульныя нормы літургічнага года і календара, № 19)

Велікодны перыяд

Велікодны перыяд – пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю, як адзін святочны дзень, нават як «вялікая нядзеля». Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшальніка (Рымскі Імшал, Агульныя нормы літургічнага года і календара, №№ 22–26).

Найважнейшыя святы

  • нядзеля Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана.
  • урачыстасць Унебаўшэсця Пана (абавязковая)
  • урачыстасць Спаслання Духа Святога

Звычайны перыяд

Найважнейшыя святы

  • урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (абавязковая)
  • 24.06. – урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля
  • 29.06. – урачыстасць Святых Апосталаў Пятра і Паўла (абавязковая)
  • 2.07. – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай
  • урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса
  • 6.08. – свята Перамянення Пана
  • 15.08 – урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (абавязковая)
  • 8.09. – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
  • 14.09. – свята Узвышэння Святога Крыжа
  • 1.11. – урачыстасць Усіх Святых (абавякзовая)
  • 2.11. – успамін усіх памерлых вернікаў

Асаблівыя набажэнствы на працягу года

  • Май — месяц Марыі
  • Чэрвень прысвечаны Сэрцу Езуса
  • Ружанцовыя набажэнствы

Паводле catholic.by

Беларусь, Гродна,

Ул.Курчатава 41

+375 152 76 92 62

redemptorby@gmail.com

Яндекс.Метрика

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.