Міністранты і бялянкі

Міністранты і бялянкі

Міністранты

Міністрант — гэта хлапчук або юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Слова ministrant у перакладзе з лацінскай мовы азначае «той, хто служыць, прыслужвае», а значыць, міністрант — гэта той, хто дапамагае святару пры цэлебрацыі літургіі.

Міністрант з’яўляецца памочнікам — ён дапамагае святару падчас справавання святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Яго заданнем з’яўляецца падрыхтоўка ахвярных дароў, а таксама іншага роду дапамога, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй. Міністрант — гэта той, хто нясе знакі, ён падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. Гэтыя прадметы павінны дапамагчы вернікам, указваючы ім на іншую рэчаіснасць. Міністрант павінен сам быць знакам — сваёй паставай ён паказвае, як трэба перажываць літургію. Не дастаткова толькі пасіўна прымаць у ёй удзел, але неабходна актыўна ўдзельнічаць у ёй. Праз сваё служэнне міністрант сведчыць аб тым, што кожнае літургічнае набажэнства, якое адпраўляецца ў касцёле, — гэта не толькі справа святара, але справа ўсяе парафіі і ўсіх вернікаў. Па-за касцёлам міністрант сваімі паводзінамі павінен указваць іншым людзям шлях да Хрыста. Ён таксама павінен як мага больш годна прадстаўляць Касцёл па-за набажэнствамі, гэта значыць падчас спаўнення хатніх, школьных абавязкаў і іншых.

Пабожнае і добрасумленнае выконванне абавязкаў міністранта вынікае з самой сутнасці літургіі, таму неабходна выхаванне міністранта да належнага разумення, перажывання і выканання яго служэння. Вучэнне Касцёла звяртае ўвагу на тое, наколькі важнай душпастырскай групай у парафіі з’яўляюцца міністранты: «Міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору нясуць сапраўднае літургічнае служэнне. Няхай жа яны выконваюць свае функцыі з такой шчырай пабожнасцю і стараннасцю, якіх вартыя гэтае высакароднае служэнне і справядлівыя спадзяванні народу Божага. Таму неабходна старанна выхоўваць гэтых асобаў у духу літургіі і рыхтаваць іх да адпаведнага, згоднага з прадпісаннямі, спаўнення належных ім абавязкаў» (SC, 29.). Пастулат стараннага выхавання міністрантаў, сфармуляваны ў Канстытуцыі аб літургіі, скіраваны да святароў-душпастыраў і стварае для іх як выхавацеляў велізарны шанц.

Вельмі многае залежыць у гэтай сферы дзеяння ад святароў, дыяканаў і бацькоў, якія павінны з імі супрацоўнічаць. Слуга Божы Ян Павел ІІ у Лісце да святароў на Вялікі чацвер 2004 года ўказаў на незаменную ролю і вялікую адказнасць святара ў кантакце з міністрантамі. Папа падкрэсліваў важнасць сведчання святара, жыццё якога, угрунтаванае ў моцы, што зыходзіць з Эўхарыстыі, павінна заахвочваць да духоўнага развіцця і да выбару міністрантам шляху паклікання. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў, звяртаючыся да святароў: «Беручы гэта пад увагу (...), побач з іншымі душпастырскімі заняткамі, прысвячайце асаблівую ўвагу апецы над міністрантамі, якія з’яўляюцца своеасаблівай калыскай святарскіх пакліканняў. Група міністрантаў, якою вы адпаведным чынам апякуецеся ў парафіяльнай супольнасці, можа дасягаць поспехаў на добрым шляху хрысціянскага ўзрастання, уяўляючы сабою амаль што прасемінарыю. Вучыце парафію, якая з’яўляецца сям’ёю сем’яў, бачыць у міністрантах сваіх сыноў, як саджанцаў аліўкавых дрэваў вакол стала Хрыста, які з’яўляецца Хлебам Жыцця» (Jan Paweі II. Ministranci — mіodzi przyjaciele Jezusa. W: „L’Osservatore Romano” 22, 2001, nr 10 s. 22–23; а таксама List Ojca Њwiкtego Jana Pawіa II na Wielki Czwartek roku 2004. W: „L’Osservatore Romano” 25, 2004, nr 6.).

Духоўнае ўзрастанне міністранта адбываецца ў сям’і, у школе, на катэхізацыі. Праз гэтыя этапы праходзіць кожны чалавек. Яны аказваюць прынцыповы ўплыў, бо вучаць чалавека жыць па-чалавечы і па-хрысціянску. Прыналежнасць да кола міністрантаў у гэтых адносінах заўсёды з’яўляецца нечым дадатковым. Яна можа мець месца толькі тады, калі хтосьці сур’ёзна споўніць тое, што з’яўляецца першым і больш фундаментальным. Калі хтосьці жадае быць міністрантам, ён павінен прысвяціць дадатковы час і мабілізаваць сябе да асаблівых намаганняў, каб выконваць заданні, якія выходзяць па-за межы асноўных абавязкаў.

Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслужваючы пры справаванні святых таямніцаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды — дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў і сябровак. Можна і трэба прад’яўляць да міністрантаў большыя патрабаванні. Толькі тыя, хто да іх дарастае, з’яўляюцца міністрантамі і нясуць служэнне пры алтары як харысты, міністранты святла, кнігі, алтара. Быць добрым міністрантам азначае прад’яўляць да сябе патрабаванні. Святы Айцец Ян Павел ІІ, звяртаючыся да моладзі, сказаў: «Нават калі іншыя не будуць ад нас патрабаваць, вы павінны патрабаваць самі ад сябе». Гэтыя словы асаблівым чынам адносяцца да міністрантаў. Тым, што яны знаходзяцца так блізка да алтара і прыслужваюць падчас святой Імшы, яны абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары. Гэты Хрыстовы заклік з’яўляецца для іх адначасова абавязацельствам і тым, што вызначае жыццёвы шлях, заахвочвае кожнага з іх да высілку працы над самім сабою, над фармаваннем свайго характару, каб стаць «новым чалавекам у Хрысце».

Рысы добрага міністранта, да якіх, безумоўна, належаць любоў да Бога і Касцёла, служэнне Хрысту праз людзей, пазнаванне і жыццё літургіяй, радасць жыцця, стараннасць у вучобе і гэтак далей, павінны стаць прадметам асабістых намаганняў кожнага міністранта, бо з іх увогуле складаецца чалавечая і хрысціянская сталасць. Дзякуючы ім жыццёвы шлях таго, хто прыслужвае пры алтары, будзе ідэнтычны евангельскаму шляху.

Літургічная служба з’яўляецца адпаведным месцам развіцця жыццёвага паклікання, яго належнага разумення і свядомай рэалізацыі. Гэта асяродак, у якім малады чалавек сталее і дарастае да свайго жыццёвага паклікання ў сужэнстве альбо святарстве. З міністрантаў часта вырастаюць добрыя сужэнцы і бацькі, а таксама цудоўныя святары.

Адкуль чэрпаць сілы, каб адпавядаць такім высокім патрабаванням? Перадусім — з Эўхарыстыі, слугой якой з’яўляецца міністрант, а таксама з індывідуальнай малітвы. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас адной з сустрэч з моладдзю прызнаўся: «Хачу запэўніць вас у тым, што я памятаю пра вас падчас адпраўлення святой Імшы і Эўхарыстычнай адарацыі, якую пастаянна практыкую з часоў сваёй маладосці. Ведайце, што я заўсёды чэрпаў з яе вялікія плёны дабра не толькі для сябе самога, але і для ўсіх тых, хто даручаны мне Божай Міласэрнасцю».

Бялянкі

У Святым Пісанні гаворыцца, што бліжэй за ўсіх знаходзяцца да Бога тыя, хто апрануты ў белае адзенне, якое сімвалізуе свабодную ад граху і аздобленую шматлікімі ласкамі душу (пар. Мц 22, 2-14; Ап 3, 18; 4, 4). Гэта — адзенне асвячальнай ласкі, а каб прабываць калісьці ўсю вечнасць з Богам, трэба ўжо цяпер клапаціцца пра яе, пастаянна нанава ачышчаць душу ад бруду грахоў. Беручы за ўзор гэтыя біблейскія постаці, у Касцёле ўтварылася група дзяўчынак і дзяўчат пачатковай і сярэдняй школы, якіх называюць «бялянкамі».

Марыя, якая была беззаганна зачатая, а таксама на працягу ўсяго свайго жыцця не ўчыніла ніводнага граху, з’яўляецца для бялянкі прыкладам і ідэалам. Бялянка хоча наследаваць Марыю ў чыстасці і цнатлівасці. Знешнім знакам гэтай чыстасці душы з’яўляецца белае адзенне, якое апранаецца, калі дзяўчаты ўдзельнічаюць у працэсіях і для выканання іншых літургічных абавязкаў, — адсюль і паходзіць назва «бялянка».

Сваёю прысутнасцю, малітваю, характэрным строем, а перадусім выстаўленнем падчас набажэнстваў харугваў, якія нагадваюць пра найважнейшыя таямніцы нашай веры, бялянкі ўзбагачаюць літургію прафіяльнай супольнасці. Адпаведным чынам яны прымаюць удзел у раратах, у літургіі падчас свята Божага Нараджэння, у набажэнствах Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня, у маёвых і ружанцовых набажэнствах і ў працэсіях Божага Цела. Іх заданне — літургічнае і паралітургічнае служэнне, асабліва падчас урачыстых набажэнстваў і эўхарыстычных працэсій, у якіх дзяўчынкі прагнуць па прыкладзе Марыі служыць Езусу і ўшаноўваць Яго. Бялянкі ўтвараюць асаблівую групу, якая выдзяляецца сваімі строямі сярод іншых членаў супольнасці. Яны ідуць наперадзе працэсіі. Малодшыя пасыпаюць шлях кветкамі, старэйшыя нясуць падушачкі, розныя рэлігійныя сімвалы, перанасныя алтарыкі, такім чынам бялянка прымае ўдзел у працэсійнай асісце.

Марыйныя святы, асабліва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, адзначаюцца бялянкамі асабліва ўрачыста, а для многіх з іх гэта патранальнае свята, падчас якога яны прыносяць прысягу бялянак або прымаюцца ў групу бялянак. Такая цырымонія прыняцця, пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў групе, можа быць праведзена таксама перад Пальмовай нядзеляй, літургія якой узгадвае ерузалемскіх дзяцей, што беглі перад Езусам падчас Яго трыумфальнага ўезду ў Ерузалем. Літургія Пальмовай нядзелі распачынае таксама штогадовы працэсійны перыяд, які ўвенчвае ўрачыстасць Божага Цела. У фармацыі бялянак вельмі важнае значэнне маюць супольныя сустрэчы, якія час ад часу праводзяцца і на якіх праз супольную малітву, размову і забавы бялянкі ўтвараюць радасную Божую супольнасць і ўмацоўваюцца ў добрых рашэннях.

Некаторыя групы бялянак прымаюць канкрэтныя рашэнні, напрыклад, у спецыяльнай прысязе бяруць абяцанне, што будуць «усім сэрцам верна выконваць служэнне Богу». У сваёй прысязе бялянка гаворыць: «Я прыкладу ўсе намаганні, каб быць рупліваю бялянкаю, паслухмянаю дачкою, любячаю сястрою, а таксама добраю сяброўкаю ў працы, вучобе і забавах. Хачу жыць і дзейнічаць паводле права і абавязкаў бялянкі. Абавязваюся штодзённа маліцца адну таямніцу Ружанца, прымаць актыўны ўдзел у святой Імшы ў першую суботу месяца, у эўхарыстычных працэсіях, прыходзіць штотыдзень на парафіяльныя сустрэчы, старацца быць добраю дачкою і добразычліваю сяброўкаю». Бялянкі не толькі моляцца, але маюць таксама час і на забавы. Арганізоўваюць «андрэйкі» (сустрэчы ў дзень св. Андрэя), ладзяць супольны аплатак, карнавальныя забавы, выязджаюць у лагеры, дзе ёсць час не толькі на адпачынак, але і на сустрэчу з Богам.

Адна са старэйшых бялянак дзеліцца ўспамінамі са свайго дзяцінства: «Напэўна, кожная з дзяўчынак, якія пасыпалі кветкамі дарогу падчас працэсіі Божага Цела, памятае той радок: „Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны“, які павінен быў дапамагчы ў тым, каб адначасова кідаць пялёсткі пад ногі святару, які нёс Найсвяцейшы Сакрамэнт. Місія, якую выконваюць бялянкі, напаўняе іх вялікім хваляваннем і дае падставу для гонару.

Я пачала сыпаць кветкі яшчэ перад сваёй Першай святой Камуніяй. Безумоўна, я вельмі ганарылася гэтым перад сяброўкамі, якія павінны былі яшчэ чакаць, каб апрануць адпаведныя строі. У той час было не так лёгка, як цяпер, знайсці прыгожую белую сукенку для ўрачыстасці Першай святой Камуніі, а ў мяне такая сукенка ўжо была. Дзякуючы гэтаму, як толькі аб’явілі сустрэчу для бялянак, я адразу ж пабегла на рэпетыцыю да сястры-катэхеткі.

Для таго, каб пасыпаць дарогу кветкамі, не менш важным за сукенку быў кошык. Найбольш пажадана было мець нетыповы кошык, якога нельга было нідзе знайсці. Звычайны, круглы быў нязручны і ў дадатак ён меў дугу, якая перашкаджала набіраць пялёсткі ў жменю. Для мяне кошычак зрабіла мама з цвёрдага белага кардону, яна абцягнула яго матэрыялам і абшыла дэкаратыўнаю аблямоўкаю. З аднаго боку ён быў плоскі, а з другога — паўкруглы. Па баках была прышыта шырокая тасёмка, каб можна было вешаць яго на шыю, безумоўна, гэтая тасёмка была адпаведнай для мяне даўжыні.

Гэта ўжо амаль усе атрыбуты бялянкі, вядома, апроч вянка. Канешне ж, мне хацелася, каб вянок быў з жывых белых кветак: стакротак або ландышаў, але на ўсялякі выпадак у мяне быў таксама і штучны вянок. Некаторыя дзяўчынкі хацелі выглядаць вельмі элегантна і насілі белыя карункавыя пальчаткі. Аднак гэта было вельмі непрактычна, бо пялёсткі часам былі вільготныя і моцна іх фарбавалі.

Ага, пялёсткі... Гэта асобны раздзел гэтай гісторыі. З ранняй вясны, калі ў нашым садзе расцвіталі першыя цюльпаны, мы пачыналі сушыць пялёсткі на гарышчы або на вышках. Найлепей было сушыць іх у цёмным месцы, каб захаваць яркія колеры. Усе кветкі, якія траплялі ў дом з розных нагодаў і тыя, што зацвіталі каля хаты на кветніку, папаўнялі новыя запасы для сушкі. Найлепш мне запомніліся бледна-ружовыя і вішнёвыя пялёсткі півоняў, жоўтыя кветкі ранніх лілей, а таксама яркія макі. Чым больш каляровымі былі пялёсткі, тым прыгажэйшы каляровы дыван заставаўся на вуліцах пасля праходжання працэсіі».

З цягам часу крыху мяняюцца строі, прыходзяць іншыя бялянкі, але працэсія застаецца для кожнай з іх такой жа важнай падзеяй.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.