Балесныя таямніцы

Балесныя таямніцы

1. Малiтва Езуса Ў Гэтсэманi

«Будучы ў смяротным змаганні, Езус даўжэй маліўся; і стаўся пот Ягоны як каплі крыві, збягаючай на зямлю» (Лк 22, 44).

Езус, упаўшы на калені, моліцца, а перад Ім - грахі ўсіх людзей: няўдзячнасць, нявернасць, здрады... Усе гэтыя грахі, а ў тым ліку і мае, Езус бярэ на сябе. У тую страшную ноч усе Яго пакінулі. Але Марыя моліцца разам са сваім Сынам. Яна адзіная, вольная ад усялякага граху, няспынна будзе дапамагаць і мне, каб я, успаможаны ласкай Хрыста, перамагаў грэх. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

2. Бiчаванне Езуса

«Тады Пілат узяў Езуса і загадаў бічаваць Яго» (Мк 15, 6).

Езус зносіць жахлівыя цярпенні падчас бічавання. Жаўнеры не маюць літасці і бічамі разрываюць Найсвяцейшае цела Збавіцеля. Ён пакутуе за грахі людской пажадлівасці і распусты. Хрыстус, Божы Сын, народжаны з Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дазваляе знявечыць Сваё нявіннае цела. Прашу ў Цябе, Езусе, праз малітвы Тваёй Маці, Беззаганнай Панны, чысціні цела і душы для мяне, нашых сем‘яў, дзяцей і моладзі. Езусе, захавай нас ад згоршванняў, дай ласку перамогі ў змаганні за захаванне цнатлівасці. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

3. Укаранаванне цернем

«Жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі Езусу на галаву і апранулі Яго ў чырвонае адзенне. І падыходзілі да Яго і казалі: Будзь прывітаны, Кароль Жыдоўскі. І білі Яго па шчоках» (Ян19, 2).

Пан Езус прымае ўсё гэта, каб сваёй пакорай адплаціць Богу за нашыя пыху і самаўзвышэнне. Ён з‘яўляецца праўдзівым Валадаром неба і зямлі, з‘яўляецца таксама Каралём майго сэрца, таму Яму належыць усялякая пашана і хвала. Эгаізм і пыху немагчыма прымірыць з Валадарствам Хрыста. Праз заступніцтва Марыі, Тваёй маці, прашу Цябе, Езусе, дай мне ласку пакоры і паслухмянасці, а таксама ласку самаадрачэння і панавання над маімі пачуццямі. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

4. Крыжовы шлях

«Несучы крыж для сябе, Езус выйшаў на тое месца, якое завецца Кальварыя, а па-жыдоўску Галгота» (Ян 19, 17).

З любові да людзей Езус бярэ крыж на плечы і нясе яго на месца, прызначанае для ўкрыжавання. Дарогай Ён некалькі разоў падае і падымаецца. Марыя, напоўненая мацярынскай любоўю, ідзе за Сынам і церпіць разам з Ім. Калі мяне спасцігнуць цярпенні і горыч сэрца, я таксама павінен ціха ісці сваім крыжовым шляхам і несці следам за Збавіцелам свой крыж. Я не маю права заламацца, але павінен адважна, як і Марыя, наследаваць Хрыста. Калі я ўпаду, Езусе, дапамажы мне падняцца! Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

5. Укрыжаванне і смерць Езуса

«Езус усклікнуў моцным гoлaсaм: Oйчa, у рукi Твaе aддaю дух мой. І пасля гэтых слоў скaнaў» (Лк 23, 46).

На Галгоце Езус склаў у ахвяру за нас Сваё жыццё. Надышла хвіліна нашага адкуплення. Марыя, з‘яднаная са сваім Сынам, стала Суадкупіцельніцай людзей. Тут, пад крыжом, я дзякую Табе, Збавіцель, за Тваю любоў. Я буду старацца захаваць удзячнасць і любоў да святароў, бацькоў, выхавацеляў, якія супрацоўнічаюць з Табой, каб чын збаўлення прыносіў плён. Павяраю Табе, Езусе, таксама ўсіх паміраючых. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...

  • Беларусь, Гродна, Ул.Курчатава 41
  • +375 152 76 92 62
  • redemptorby@gmail.com
Яндекс.Метрика

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.