14 лютага ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля прайшла сустрэча моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам “Шчаслівыя чыстыя сэрцам” (Мц 5, 8).
Сустрэчу арганізавала душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі на чале з кс. Яўгенам Амасёнкам. Прысутнічала вялікая колькасць маладых вернікаў гродзенскіх парафій, парафій у Каробчыцах, Радуні і Ваўкавыску, іх душпастыры, законныя сёстры і катэхеты парафій.

Сустрэча пачалася канферэнцыяй на тэму чысціні, з якой выступіў кс. Яўген Амасёнак. Святар закрануў тэму будаўніцтва праўдзівых адносін. Ён адзначыў, што чалавек, мужчына ці жанчына, здольны праз сваё цела да любові, павінен станавіцца дарам для іншага чалавека. Ксёндз Яўген звярнуў увагу на тое, што чалавеку важна выражаць сваю любоў, у якой ён становіцца дарам і рэалізуе сэнс свайго існавання.
Наступным пунктам праграмы сустрэчы была Імша, якую цэлебраваў вікарый парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Максім Лабкоў CSsR. У гаміліі пробашч гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай кс. канонік Юрый Марціновіч засяродзіў увагу на тым, што Езус Хрыстус адорвае кожнага чалавека сваёй любоўю з моманту яго нараджэння і не шкадуе гэтай любові. Па словах святара, чалавек павінен быць адкрытым на дары Створцы, несці Божую любоў у свет і дзяліцца ёю з усімі, каго сустракае.

Паколькі 14 лютага адзначаецца свята закаханых – дзень святога Валянціна, – у канцы гаміліі хлопцы і дзяўчаты ўручылі адно аднаму сімвалічныя “валянцінкі” ад Езуса, на якіх былі словы заахвочвання радавацца жыццём, дзякаваць Богу за ўсё і адказваць на Яго любоў сваёй.

Пасля літургіі сустрэча працягнулася ў тэатральнай зале пачастункам, забавамі і танцамі – у гэты час удзельнікі маглі павесяліцца, праславіць Бога за дар жыцця і за тых, хто побач. Выступіў гурт “Open heavens” з Ліды.
У канцы сустрэчы кс. Яўген Амасёнак падзякаваў прысутным за ўдзел і пажадаў добра правесці “час ласкі” – Вялікі пост, які распачынаецца 18 лютага.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч












