Навіны

Візіт Апостальскага Нунцыя ў парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля: “Беларусь чакае Папу!” (+відэа)

Візіт Апостальскага Нунцыя ў парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля: “Беларусь чакае Папу!”

5 сакавіка арцыбіскупа Габара Пінтэра прывіталі ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (мікрараён Дзевятоўка). На сустрэчу з дыпламатычным прадстаўніком Папы прыбылі некалькі тысяч чалавек. У парафіі на Дзевятоўцы важнага госця сустракалі ватыканскімі флажкамі. Нунцый быў узрушаны такім жэстам. Іерарх з радасцю вітаў сабраных у святыні людзей.

З прывітальным словам да арцыбіскупа Габара звярнуліся дзеці і моладзь. Яны падзякавалі Нунцыю за душпастырскі візіт, які, па іх словах, павінен узмацніць сувязь мясцовых вернікаў з заступнікам св. Пятра і Паўсюднага Касцёла.

Пасля прывітання распачалася св. Імша, якую на беларускай мове цэлебраваў сам Апостальскі Нунцый. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі парафіяльнага тэатра св. Яна Паўла ІІ, дэлегацыі скаўтаў і душпастырства чыгуначнікаў. Ганаровая варта са штандарамі ўпрыгожвала ўрачыстую літургію.

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі першай нядзелі Вялікага посту, дзе гаворыцца пра спакусы і барацьбу са злым духам, арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў: “Мы маем шматлікія дары, здольнасці, якія могуць нам прынесці вялікія выгады. Аднак, калі мы будзем іх выкарыстоўваць выключна дзеля ўласнай карысці, то будзем узрастаць у эгаізме, а гэта не адпавядае Божым планам. Тады нашае жыццё стане бясплодным, бо мы не выбралі правільнага накірунку”.

“Заўсёды неабходна выкарыстоўваць толькі сумленныя сродкі, каб дасягнуць сумленнай мэты. Гэта адзіны шлях, каб развівацца і дасягнуць нашай сапраўднай мэты, – звярнуў увагу Апостальскі Нунцый. – Нашая мэта – гэта жыццё ў шчодрай любові (…), гэта служыць Богу ўсім сэрцам і ўсімі сіламі, жывучы ў любові да Яго і бліжняга”. “Мы разважаем над барацьбой Езуса са спакусамі, каб быць унутрана ўмацаванымі ў вядзенні велікапоснай барацьбы”, - дадаў іерарх.

Напрыканцы Нунцый падзякаваў прысутным за супольнае святкаванне нядзелі. Арцыбіскуп адзначыў, што ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ён убачыў два касцёлы: прыгожую святыню, пабудаваную вернымі, і парафіяльную супольнасць – “Касцёл, які ствараем разам”.

Адным з падарункаў для важнага госця былі дзве сімвалічныя “маргарыткі”, уручаныя Апостальствам малітвы за святароў. Адна з іх была прызначана для Пантыфіка. Яе малітоўнае кола папрасіла перадаць Святому Айцу. Другая была для самога Нунцыя. “Маргарытка” з Дзевятоўкі паабяцала штодзённа маліцца за арцыбіскупа.

Пасля Эўхарыстыі вернікі хорам заклікалі: “Беларусь чакае Папу!”. Быў узняты плакат з гербам горада. Арцыбіскуп Габар Пінтэр запэўніў сабраных у трох рэчах. Па-першае, Святы Айцец добра ведае гісторыю народа, таму перажывае ўсе цяжкасці разам з ім. Па-другое, Касцёл у Беларусі моцны, жывы. “Я абавязкова перадам Папу Францішку тое, што ўбачыў, – адзначыў арцыбіскуп Габар. – Буду дзяліцца сведчаннем вашай веры з усімі, каго сустрэну ў Ватыкане”. Па-трэцяе, Нунцый падкрэсліў, што бачыць, як у Беларусі чакаюць візіту Святога Айца. Таму іерарх запрасіў верных да малітвы ў гэтай інтэнцыі, а са свайго боку паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб гэтая падзея адбылася.

Тэкст: Ангеліна Пакачайла
Фота: Ангеліна Пакачайла і кс. Юрый Марціновіч

Паводле grodnensis.by