Навіны

Канцэрт гурта “Ave” i Aкафіст завяршылі першы дзень Агульнабеларускай сустрэчы моладзі

29 красавіка, першы дзень ІІІ Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, скончыўся канцэртам гурта “Ave” Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Удзельнікі супольна славілі Бога праз спеў, танец і шчырую радасць. Поўныя глыбокага зместу песні гурта набліжалі маладых людзей да Стварыцеля, умацоўваючы ў іх любоў да Пана; скіроўвалі іх сэрцы да Усемагутнага, каб яны верна трывалі з Ім і ніколі не адышлі.

Семінарысты прадставілі таксама свой новы альбом “Адысці мне не дазволь”. Гэты альбом, як напісана на вокладцы дыска, “прысвячаецца ўсім тым, хто нястомна шукае сябе на Ягоных шляхах”.

Саліст гурта семінарыст Андрэй Юхнік пасля канцэрту распавёў, што для яго гэта быў час асаблівага дзеяння Пана Бога ў сэрцах маладых людзей, якія, нягледзячы на стомленасць і пераадоленне многіх кіламетраў – бо некаторыя прыбылі на сустрэчу нават з Гомеля, – прамяніліся сапраўднай радасцю.

“Калі бачыш перад сабою дзве тысячы маладых людзей, якія разам з табою ўслаўляюць Пана сваім спевам і танцам, – захапляе дух. Я атрымаў шмат пазітыўных эмоцый ад таго, што перажыў на сцэне. Падчас канцэрту сапраўды адчуваўся дух адзінства і любові”, – дадае семінарыст.

Па словах Андрэя Юхніка, на тварах хлопцаў і дзяўчат ён бачыў усмешкі, а ў вачах – вялікую радасць. “Мне здаецца, што гэты канцэрт быў сапраўды малітвай, мілай Богу. Гэты час быў насычаны прысутнасцю Святога Духа”, – кажа саліст групы.

Прыгожым завяршэннем першага дня сустрэчы моладзі стаў Акафіст, які ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Гэта цудоўна дапамагло моладзі суцішыцца перад начным адпачынкам.

Вікторыя Сідар
Фота: Вольга Сяліцкая, Павел Дзянісаў

Паводле grodnensis.by