Навіны

Эўхарыстычная адарацыя моладзі ў Гродне: жыць у Божай ласцы

На заканчэнне другога дня ІІІ Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, якая праходзіць у Гродне, 30 красавіка, маладыя людзі з усёй Беларусі трывалі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Адарацыя дапамагала моладзі ўсвядоміць, што грэх нішчыць чалавека і аддаляе ад Бога. Тады чалавек становіцца пустым і зняважаным, мае патрэбу ў Божай дапамозе, якую дае Пан Бог у сакрамэнце пакаяння.

Менавіта там, у споведзі, Бог аднаўляе чалавека і нанова дае яму сваю любоў. Кожны чалавек народжаны для любові і жадае быць любімым. Падкрэслівалася, што ў сучасным свеце любоў мае зусім іншае значэнне – гэта задавальненне, жаданне. А Бог паказвае сапраўдную любоў.

“Дапамажы нам, Пане Езу, навучыцца такой Любові да бліжняга, якую паказваеш Ты”, – прасілі маладыя людзі.

Гэта быў асаблівы час, каб у цішыні на малітве перажыць хвіліны з Богам, які для чалавека павінен стаць усім. Гэта быў таксама час, каб рашыцца на адважны крок – прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Падчас адарацыі святары сталі распарадчыкамі Божай міласэрнасці. У імя самога Хрыста яны ўдзялялі адпушчэнне грахоў маладым людзям, якія захацелі ачысціць свае сэрцы і прыняць канкрэтную пастанову выпраўлення.

У сакрамэнце пакаяння ўдзельнікі сустрэчы моладзі атрымалі Божую ласку, усведамляючы, што без гэтай ласкі чалавек памірае і страчвае дыханне жыцця. А дзякуючы ёй усё ў жыцці чалавека становіцца аздароўленым і жыццё атрымлівае поўны сэнс.

Такім чынам моладзь Беларусі, аддадзеная плыні Божай ласкі, стала прыгожым, плодным садам, у сярэдзіне якога цячэ рака Божай любові, а па яе берагах растуць дрэвы, лісці якіх не вянуць, а плады не заканчваюцца.

Безумоўна адно: што тыя, хто жыве ў Божай ласцы і Божай ласкай, нічога не марнуюць. Бог вучыць выкарыстоўваць кожны момант, кожнае здарэнне, кожную сустрэчу. Таму трэба мець надзею, што гэты час, праведзены на моладзевым форуме ў Гродне, прынясе плён узрастання Божага жыцця ў сэрцах маладых людзей.

Больш фота з ІІІ Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі

Анастасія Мішкура, кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Дзянісаў

Паводле grodnensis.by