Навіны

Святліца для дзяцей адкрыта пры парафіі ў Вялікай Бераставіцы

Святліца для дзяцей адкрыта пры парафіі ў Вялікай Бераставіцы

13 кастрычніка пры парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы была адкрыта святліца для дзяцей.

Гэта стала магчымым дзякуючы дзейнасці дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі ў межах праекту “Арганізацыя інтэграцыйных святліц у парафіях”, сумесна з “Карытас” Польшчы і праграмай польскага супрацоўніцтва “Польская дапамога”, узгодненай з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дырэктар гродзенскага “Карытас” кс. доктар Раман Рачко, намеснік дырэктара “Карытас” Польшчы кс. Крыштаф Срока, консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Ганна Пустул, прадстаўнікі раённай улады, шматлікія дзеці разам са сваімі бацькамі.

Мерапрыемства пачалося святой Імшой у парафіяльным касцёле ў інтэнцыі ўсіх ахвярадаўцаў і ўдзельнікаў праекта, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота CSsR прывітаў гасцей і выказаў надзею, што новая святліца будзе карыснай для дзяцей і стане месцам іх інтэграцыі і ўзрастання ў веры.

Пасля Імшы настаў урачысты момант, калі запрошаныя госці перарэзалі чырвоную стужку. Затым біскуп Гродзенскі благаславіў новае месца сустрэч дзяцей парафіі. Пасля дзеці прадставілі слоўна-музычную праграму, праз якую выказалі ўдзячнасць усім, хто паспрыяў рэалізацыі праекта.

Будынак абсталяваны яркай і функцыянальнай мэбляй, мае неабходнае тэхнічнае і музычнае абсталяванне. У ім створаны паўнавартасныя ўмовы для адпачынку і развіцця дзяцей пасля заняткаў у школе, для арганізацыі гульняў і забаваў з дзецьмі. Таксама тут змогуць сустракацца за кубкам гарбаты і душэўнымі размовамі прадстаўнікі малодшага і старэйшага пакаленняў. У гэтым будуць дапамагаць сёстры законныя, якія служаць пры парафіі, валанцёры і выхаваўцы, якія будуць праводзіць духоўныя і выхаваўчыя заняткі, аказваць дапамогу дзецям у выкананні вучэбных заданняў i ў добрым баўленні часу.

У бліжэйшы час падобныя святліцы будуць адкрыты ў Лідзе (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі), Шчучыне, Гродне (катэдральная парафія Св. Францішка Ксаверыя). У мінулым годзе былі адкрыты святліцы ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, у Ашмянах, Астраўцы і парафіі Святога Духа ў Гродне.

На сённяшні дзень святліцы пры парафіях наведваюць больш за 600 дзяцей, больш за 25 валанцёраў і выхаваўцаў уключаны ў працу з дзецьмі і моладдзю.

Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксей Кавалевіч

Паводле grodnensis.by