Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
Мы разам з усім Касцёлам уступілі ў літургічны перыяд Вялікага посту. Мы распачалі асаблівы час, які павінен духоўна падрыхтаваць нас да найважнейшых святаў нашай веры – урачыстасці Пасхі Хрыста, значыць пераходу Збаўцы праз муку і смерць да хвалы Уваскрасення. У Вялікі пост мы запрошаны спыніць бег штодзённасці і задумацца над найважнейшымі справамі: над уласным духоўным жыццём, над станам нашай веры і любові да Бога, над якасцю адносін з бліжнімі.
Сённяшняе першае чытанне з Кнігі Быцця нагадвае нам праўду аб тым, што ўсім нам без выключэння патрабуецца навяртанне. У поўным сімвалаў і метафар аповедзе натхнёны аўтар паказвае нам драму граху першых людзей і яго трагічныя наступствы для ўсяго чалавецтва. Мы бачым Адама і Еву, якіх Пан Бог пасяліў у райскім садзе Эдэне. Там яны маюць усё ў дастатку і цешацца перш за ўсё найвялікшым дарам – станам ласкі, значыць блізкасцю і гармоніяй з Панам Богам. На жаль, Адам і Ева не змаглі вытрываць у гэтай ласцы. Змей-спакуснік здолеў пасеяць у іх сэрцах сумненне ў Божай любові і шчырасці да іх. Адам і Ева пачынаюць падазраваць, што Пан Бог штосьці ад іх утойвае і не хоча іх сапраўднага шчасця. Недахоп даверу да Бога вядзе да граху: Адам і Ева насуперак Божаму загаду каштуюць плады з дрэва пазнання дабра і зла і такім чынам страчваюць стан ласкі, знішчаюць сваю блізкасць з Богам, а замест абяцанага шчасця ўсведамляюць, што яны голыя.
Няцяжка заўважыць, што падобная заканамернасць паўтараецца ў кожнай спакусе, якая вядзе да граху. Найперш спакуснік паказвае чалавеку грэх як нешта добрае, прыцягальнае і карыснае. Потым унушае, што варта парушыць Божы загад, каб стаць сапраўды шчаслівым і вольным. Толькі паддаўшыся спакусе, чалавек пераконваецца ў вераломстве спакусніка: цяпер зло паўстае перад ім ва ўсёй сваёй жудаснай праўдзе і замест абяцанага шчасця прыносіць горыч расчаравання, пачуццё сораму і жалю. І хоць кожны з нас шмат разоў дасведчыў вераломства сатаны, мы па-ранейшаму слабыя і зноў паддаёмся яго спакусам. Такую духоўную крохкасць мы атрымалі як спадчыну ад нашага прабацькі Адама.
Аднак з-за гэтага мы не павінны ўпадаць у смутак ці роспач. Святы апостал Павел у фрагменце Паслання да Рымлянаў, які чытаецца сёння, дорыць нам святло надзеі, прадстаўляючы Езуса Хрыста як новага Адама. У супрацьлегласць Адаму, які прайграў сваю бітву з сатаной, Пан Езус – новы Адам – здабыў поўную і канчатковую перамогу над ворагам нашага збаўлення, аддаўшы за нас сваё жыццё на дрэве крыжа.
Прадказаннем гэтай вялікай перамогі з’яўляецца сцэна спакусы Пана Езуса (Мц 4, 1-11). Сёння ў Евангеллі мы пачулі, што перад самым пачаткам сваёй публічнай дзейнасці Пан Езус пайшоў у пустыню і там пасціўся на працягу сарака дзён і начэй, а потым рашуча і паспяхова супрацьстаяў спакусам д’ябла. Кожная са спакус была пераадолена моцай Божага слова, якое абвяшчае праўдзівую волю нябеснага Айца.
“Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4), – адказвае Пан Езус на спакусу ператварыць камень у хлеб. Гэта спакуса матэрыялістычнай ментальнасці, клопату аб задавальненні свайго “голаду” ў вымярэнні выключна зямным, часовым: голаду грошай, працы, якая добра аплачваецца, усеагульнага прызнання, папулярнасці, узнагародаў, кар’еры… Калі мы паддаёмся гэтай спакусе, то забываем, што матэрыяльныя даброты не даюць і не могуць даць нам сапраўднага жыцця і шчасця, а таксама што мы ніколі не павінны быць нявольнікамі таго, што павінна нам служыць.
“Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго” (Мц 4, 7), – адказвае Пан Езус д’яблу, калі той прапануе Яму кінуцца ўніз з крыла святыні. Гэта спакуса рэлігійнасці бліскучай, магічнай, такой, якая шукае цудаў, духоўных экстазаў і незвычайных уражанняў, у той жа час адмаўляючыся ад пакутаў, выпрабаванняў і ўсяго цяжкага і незразумелага. Мы паддаёмся гэтай спакусе, калі ў сваёй ганарыстасці не ўмеем прыняць Божую волю такой, якая яна ёсць, самі будуем свае планы і стратэгіі, а ад Пана Бога чакаем выключна спаўнення нашых жаданняў.
“Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы” (Мц 4, 10), – так гучыць адказ Езуса на трэцюю спакусу, калі д’ябал патрабуе пакланіцца яму і абяцае ўзамен усе каралеўствы свету. Гэта спакуса ўлады як найвялікшай каштоўнасці ў жыцці, спакуса навязаць іншым сваю волю, быць вялікім за любы кошт, спакуса ідалапаклонства, ганарыстасці і самадастатковасці. Паддаючыся гэтай спакусе, чалавек забывае, што толькі Пан Бог з’яўляецца сапраўдным Даўцам усялякага дабра, бо дае яго з любові; калі ж сатана абяцае нам штосьці даць, то толькі для таго, каб нас спакусіць, ашукаць і зняволіць.
Досвед Езуса, калі Яго спакушаў сатана, прысутнічае і ў нашым жыцці. Вораг нашага збаўлення вераломны і разумны, таму бязлітасна выкарыстоўвае ўсе нашы слабасці, а таксама цяжкасці і крызісы нашага жыцця, каб звесці нас на дрэнны шлях, адлучыць ад Бога і бліжніх, закрыць нашы сэрцы на дар Божай любові і прабачэння.
Аднак гэта не азначае, што ў такой барацьбе з сатаной мы асуджаны на паразу. Сама па сабе спакуса не з’яўляецца грахом і зусім не павінна весці да граху. Прыклад Езуса вучыць нас, як ставіць Пана Бога на першае месца ў жыцці, як ніколі не ісці на кампраміс са злом і як шукаць у Божым слове святла, сапраўднай мудрасці і абароны ад спакусаў сатаны. Чым больш мы з’яднаныя з Богам, тым цяжэй спакусніку знайсці доступ да нашага сэрца.
Ужо цяпер, у пачатку Вялікага посту, падумаем аб тым, што зрабіць, каб яшчэ больш зблізіцца з Езусам і паглыбіць нашу веру.
Папа Леў XIV у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост звяртае нашу ўвагу асаблівым чынам на неабходнасць слухаць Божае слова і практыкаваць устрыманне.
“Кожны шлях навяртання пачынаецца, – піша Святы Айцец, – калі мы дазваляем Божаму слову дасягнуць нас і прымаем яго ў згодзе духу. Таксама існуе сувязь паміж дарам Божага слова, прасторай гасціннасці, з якой мы яго сустракаем, і зменамі, якое яно здзяйсняе. […] Таму слуханне Слова ў літургіі выхоўвае нас да больш праўдзівага слухання рэчаіснасці: сярод многіх галасоў, якія праносяцца праз наша асабістае і грамадскае жыццё, Святое Пісанне робіць нас здольнымі распазнаваць той заклік, які ўзносіцца з пакутаў і несправядлівасці, каб ён не застаўся без адказу”.
Закранаючы тэму практыкі посту, Папа піша: “Хацеў бы […] запрасіць вас да вельмі канкрэтнай формы ўстрымання, якая часта недаацэньваецца, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія б’юць і раняць нашых бліжніх. Давайце пачнём раззбройваць нашу мову, адмаўляючыся ад вострых слоў, паспешных асуджэнняў, зламоўнасці пра тых, хто адсутнічае і не можа абараняцца, а таксама пазбягаючы паклёпаў. Давайце замест гэтага пастараемся вучыцца ўзважваць словы і захоўваць ветлівасць: у сям’і, сярод сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, у палітычных дэбатах, у сродках масавай інфармацыі, у хрысціянскіх супольнасцях. Тады шматлікія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру”.
Дарагія браты і сёстры! Перакананы, што Дух Святы падкажа кожнаму і кожнай з вас, якія пастановы прыняць, каб правесці гэты Вялікі пост плённа і добра падрыхтавацца духоўна да велікодных святаў. Падтрымліваю вас сваёй малітвай і пакорна прашу аб малітве за мяне.
На пачатак велікапоснага шляху пакаяння і навяртання ўсіх вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, з усяго сэрца благаслаўляю і даручаю чулай апецы Марыі, Маці Міласэрнасці.
Ваш біскуп Уладзімір
Гродна, 14.02.2026
