Пастырскія лісты

Пастырскае пасланне біскупа Аляксандра Кашкевіча на першую нядзелю Вялікага посту 2018

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

У мінулую сераду, якая называецца Папяльцовай, мы распачалі ў Касцёле літургічны перыяд Вялікага посту. Гэта асаблівы час ласкі, прывілеяваны час, каб паставіць сабе важныя пытанні: пра Бога, пра нас саміх, пра сэнс чалавечага жыцця. У Вялікі пост мы рыхтуемся духоўна да адзначэння найвялікшай таямніцы нашай веры: мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Можна сказаць, што Вялікі пост з’яўляецца своеасаблівым шляхам, які вядзе нас на сустрэчу з Хрыстом Уваскрослым, які ў Пасхальнай таямніцы аб’яўляе чалавецтву бясконцую любоў Айца Нябеснага.

У муцы Хрыста мы бачым Бога слабага, церпячага, здраджанага. На працягу трох гадоў, калі Езус аздараўляў, уваскрашаў памерлых, хадзіў па вадзе, памнажаў хлябы, Яго вучні, захопленыя гэтымі незвычайнымі знакамі, намагаліся зразумець, кім Ён з’яўляецца. Яны пазналі Езуса, поўнага моцы, аднак не пазналі Яго тамніцы. Калі падчас Апошняй Вячэры Ён схіліўся, каб абмыць ім ногі, яны не зразумелі гэтага жэсту прыніжэння і пакоры. Яны не разумелі Яго прадказання, што Ён будзе адкінуты і забіты, але на трэці дзень уваскрэсне. Яго арышт і мука былі для вучняў шокам.

Мука, смерць і ўваскрасенне Езуса аб’яўляюць нам Бога міласэрнага, які да канца прымае чалавечую прыроду, уваходзіць у глыбіню чалавечага лёсу, злучаецца духоўна з усімі церпячымі: галоднымі, прагнучымі, хворымі, убогімі, вязнямі, бежанцамі. Менавіта гэта Пасхальная таямніца Езуса Хрыста – Сын Божы ўваходзіць у камунію з кожным чалавекам і адкрывае яму шлях да Айца, багатага міласэрнасцю. Гэтая праўда з’яўляецца “сэрцам” Евангелля – Добрай Навіны, якую святы Касцёл, паслухмяны свайму Заснавальніку і верны ўласнаму пасланніцтву, нястомна абвяшчае ўсяму свету.

Пасха Сына Божага – гэта цудоўнае пасланне надзеі, бо дазваляе нам, хрысціянам, паглядзець на чалавечае жыццё з іншай, новай перспектывы, неспасцігальнай для людзей, пазбаўленых ласкі веры. Для нас, вызнаўцаў Хрыста Уваскрослага, часовае жыццё з’яўляецца вандроўкай да нябеснай айчыны, да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца. “Бо калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім” (1Тэс 4, 14).

Сёння, у Першую нядзелю Вялікага посту, Евангелле паказвае нам Езуса Хрыста, які пасля саракадзённага прабывання ў пустыні пачынае сваю публічную дзейнасць. Мы чуем першыя словы, якія Сын Божы скіроўвае да сваіх слухачоў і да ўсяго чалавецтва: “Настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Пан Езус абвяшчае радасную навіну, што разам з Яго прыйсцем у свет Валадарства Божае наблізілася. Яно адкрытае для кожнага чалавека, які жадае да яго належаць. Каб, аднак, увайсці ў гэтае Валадарства, трэба ісці шляхам веры і навяртання. Мы павінны нястомна навяртацца – гэта значыць змяняць наша мысленне, рабіць яго ўсё больш евангельскім, на першае месца ў жыцці ставіць тое, што найважнейшае для нашага збаўлення, а таксама пераадольваць усё, што нам перашкаджае на шляху да Бога.

У Вялікі пост мы асабліва запрошаны нанова ўзяць на сябе высілкі асабістага навяртання. Ужо сёння задумаемся, якія велікапосныя пастановы мы прымем у гэтым годзе, каб гэты час ласкі не прайшоў бясплённа, а дапамог нам аднавіцца ўнутрана і яшчэ больш наблізіцца да Бога.

Традыцыя Касцёла апавядае нам, што асабліва дапамагаюць у барацьбе з грахом і ў пераадоленні ўласных слабасцяў малітва, пост і міласціна.

Пастараемся выкарыстаць перыяд Вялікага посту як нагоду да паглыблення нашага жыцця малітвы. Акрамя нядзельнай святой Імшы, будзем прымаць удзел у прыгожых, асвячаных шматвяковай традыцыяй, набажэнствах Песень жальбы і Крыжовага шляху, якія нам дапамагаюць у разважанні над таямніцамі Мукі Пана. Добра будзе, калі ў Вялікі пост мы паклапоцімся аб супольнай малітве ў сям’і, аб чытанні Святога Пісання, аб удзеле ў Эўхарыстыі таксама ў звычайныя дні. Не забудземся і пра абавязак браць удзел у парафіяльных рэкалекцыях, прыступаць да сакрамэнту паяднання і прыняцця святой Камуніі. Кожная форма малітвы набліжае нас да Бога, узбуджае ў сэрцы любоў да Яго, удзячнасць і пакору, аберагае ад пыхі і эгаізму.

Вялікі пост – гэта таксама час змярцвення, ці выхавання волі праз дабравольнае адмаўленне ад таго, што непатрэбнае, залішняе або шкоднае, што нам ускладняе духоўнае жыццё і што можа прыводзіць да залежнасці. Шмат хрысціян у Вялікі пост адмаўляецца ад спажывання алкагольных напояў, ад палення цыгарэт і іншых рэчаў, ад азартных гульняў і слухання музыкі, абмяжоўвае карыстанне тэлевізарам, тэлефонам і інтэрнэтам. Уменне адрачыся развівае нас духоўна, робіць чулымі да праўдзівых каштоўнасцяў, умацоўвае волю і робіць яе больш трывалай перад дзеяннем разнастайных спакусаў.

У перыяд Вялікага посту мы таксама запрошаны да бескарыслівага дзялення тым, што маем, з братамі і сёстрамі, якія знаходзяцца ў патрэбе. Быць можа, звычайна нам не хапае чуласці да чалавечай бяды, можа, мы яе не заўважаем або не хочам заўважаць. У Вялікі пост паспрабуем дапамагчы тым, якія ў цяжкай матэрыяльнай сітуацыі. Мы можам зрабіць гэта непасрэдна або праз дабрачынныя арганізацыі, якія спецыялізуюцца ў нясенні дапамогі патрабуючым. Міласціна дапаможа нам вызваліцца з абыякавасці, з залішняй прывязанасці да матэрыяльных дабротаў і з эгаізму, а разам з тым зробіць нас больш чулымі да патрэбаў бліжніх.

Дарагія браты і сёстры!

Скіроўваю да вас гэтыя словы Пастырскага паслання пасля вяртання з Рыма, дзе разам з усімі біскупамі Беларусі мы прымалі ўдзел у афіцыйным візіце да апостальскіх грабніц. Яго мэтай было скласці справаздачу асобных арганізацыям Апостальскай Сталіцы аб дзейнасці нашых партыкулярных Касцёлаў. Найважнейшай і найбольш узрушальнай падзеяй у час візіту была асабістая аўдыенцыя ў Святога Айца, падчас якой Наступнік святога Пятра выказаў вялікую зацікаўленасць жыццём Касцёла на нашых землях, запэўніў нас у сваёй пастырскай блізкасці і клопаце, а таксама ўдзяліў апостальскае благаслаўленне і перадаў самыя сардэчныя прывітанні ўсім вернікам нашай дыяцэзіі.

Няхай выразам нашай удзячнасці за айцоўскую любоў і клопат Папы Францішка будзе гарачая малітва за яго і ў яго інтэнцыях. Няхай добры Бог адорвае Наступніка святога Пятра здароўем і шчодрасцю ўсялякіх ласкаў, няхай асвячае яго святлом Духа Святога і няхай благаслаўляе яго апостальскае служэнне ў Паўсюдным Касцёле. Будзем маліцца таксама аб тым, каб споўніліся жаданні нашага народа і Святы Айцец мог наведаць Беларусь.

На пачатку саракадзённага шляху пакаяння і навяртання жадаю вам усім, дарагія браты і сёстры, добрага перажывання гэтага прыгожага, такога патрэбнага часу ласкі. Жадаю моцнай веры і глыбокага прагнення пакаяння, чуласці да Божага слова і да ўсялякага натхнення Духа Святога, адвагі ў прыняцці велікапосных пастановаў і трываласці ў іх рэалізацыі. Няхай Вялікі пост, які распачынаецца, будзе часам глыбокай духоўнай змены і спазнання праўдзівай радасці навяртання. Даручаю кожнага з вас надзейнай апецы Марыі, Маці Міласэрнасці, і на плённае крочанне велікапосным шляхам навяртання ўсіх з сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі
Гродна, 13.02.2018