Малітвы

Малітвы да Маці Божай

Малітва да Маці Божай Фацімскай

Наша Фацімская Пані Ружанцовая, Ты праз траіх пастушкоў параіла нам замілаванне да малітвы, асабліва да малітвы ружанцовай, а таксама заахвоціла захоўваць сапраўдны дух пакаяння як сродак вечнага збаўлення. Просім Цябе, дапамажы нам, каб мы ў духу вернай паслухмянасці Тваім мацярынскім парадам адшукалі дарогу да неба. Амэн.

Малітва ахвяравання сябе Маці Божай

Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.  

Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі

О Маці Божая Нястомнай Дапамогі, з вялікім даверам прыходжу сёння да Твайго святога абраза, каб прасіць Тваёй дапамогі. Не спадзяюся на свае заслугі і на свае добрыя ўчынкі, але толькі на бязмежныя заслугі Пана Езуса і на Тваю неспасцігальную мацярынскую любоў.

Ты глядзела, о Маці, на раны Адкупіцеля  і на кроў Ягоную, што пралілася на крыжы дзеля нашага збаўлення. Сын Твой, які паміраў, даў нам Цябе за Маці. Ці ж не будзеш Ты для нас, як сведчыць Твой цудоўны тытул, нястомнай Заступніцай?

Таму, о Маці Божая Нястомнай Дапамогі, праз балесную муку і смерць Твайго Боскага Сына, праз невыказныя цярпенні Твайго Сэрца, о Заступніца, вельмі горача малю Цябе, выпрасі мне ў свайго Сына тую ласку, якой вельмі жадаю і якая мне так патрэбна (назваць просьбу).

Ты ведаеш, о Маці благаслаўлёная, як хоча Езус, Адкупіцель наш, удзяліць нам усялякіх пладоў Адкуплення. Ты ведаеш, што гэтыя скарбы былі аддадзеныя ў Твае рукі, каб Ты іх нам удзяляла. Таму, о найласкавейшая Маці, выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса тую ласку, аб якой у гэтай малітве пакорна прашу, а я з радасцю буду праслаўляць Тваю міласэрнасць праз усю вечнасць. Амэн.

Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай

Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Амэн.

Малітва да Маці Божай Будслаўскай

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу.

З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі.

Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.

Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн. 

Малітва да Маці Божай Лагішынскай

Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся, глянь на нас ласкава і выслухай нашую пакорную малітву.

Найлепшая наша Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты дапамагаеш нам, што выціраеш нашыя слёзы, што заўсёды знаходзішся побач з намі.

Даручаем Тваёй матчынай апецы Святога Айца, духавенства і верны люд Божы. Абяцаем быць вернымі Твайму Сыну, Пану нашаму Езусу Хрысту, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Малітва да Маці Божай Берасцейскай

Маці Божая Берасцейская, Пані выратавання, поўная ласкі і міласэрнасці, Маці пакінутых, суцяшальніца расчараваных, шлях блукаючых, успамога тых, хто патрабуе апекі, Маці Няспыннага Паратунку, будзь ласкава паспяшыць на дапамогу нам. Спашлі духа Божай ласкі ў нашыя нячулыя сэрцы. Знішчы бязвер’е і сумненні ў нашых сем’ях, пакажы любоў і радасць жыцця з Богам. Маці Божая Берасцейская, заступіся за нас. Амэн.

Малітва да Маці Божай Браслаўскай

Вітай, Марыя, наша Маці і Апякунка, Валадарка азёраў, чыё светлае мацярынскае аблічча ззяе ў Браслаўскім санктуарыі над водамі роднага краю. Як і нашыя продкі, мы шукаем у Цябе паратунку сярод жыццёвых бураў і цярпенняў. Будзь маяком для тых, хто блукае ў цемры, і надзейнаю гаванню для ўсіх вандроўных дзяцей Тваіх. Няхай святло Твайго аблічча паказвае шлях караблю святога Касцёла, каб усе вернікі пад кіраўніцтвам Святога Айца, біскупаў і святароў шчасліва дасягнулі мэты зямнога вандравання — Езуса Хрыста, Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай

О Марыя, Найсвяцейшая Багародзіца Кангрэгацкая, пакорна дзякуем Табе за тое, што Ты шчодра адорваеш ласкамі і дабротамі сваіх слугаў, якія пабожна ўшаноўваюць цябе ў Тваім гродзенскім абразе. Мы, нягодныя Твае слугі, пакорна просім Цябе не забывацца таксама і пра нас. Будзь нашаю Заступніцаю перад Тваім Сынам, каб Ён асцярог нас ад граху і прывёў да вечнага збаўлення; май у апецы краіну нашу і верны Табе народ Божы; благаславі нашыя сем’і і няспынна захоўвай іх у любові, супакоі і адзінстве; вазьмі пад апеку нашую моладзь і не дай ёй збочыць са шляху справядлівасці, але дазволь ёй узрастаць у веры і цнотах, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.

Малітва да Маці Божай Тракельскай

Найпрыгажэйшая Панна і наймілейшая Багародзіца, на Тваім тракельскім абразе Ты ўмольна просіш і песціш на руках сваіх Божага Сына. Дай нам ва ўсіх справах Тваю матчыну дапамогу. Ці ж можа хто пералічыць усе цуды, здзейсненыя праз Тваё заступніцтва, якія Ты адзіны, усемагутны Божа, найлепш ведаеш? Кожны дзень, у кожную хвіліну аб’яўляюцца тут Твае ласкі. Маці нашая, просім Цябе: дазволь нам абвяшчаць Тваю хвалу тут, на зямлі, а ў вечнасці — на нябёсах. Просім Цябе сёння і заўсёды: не пакідай нас без Тваёй апекі, о Найсвяцейшая Панна Марыя. Амэн.