Навіны

Святыя місіі адбыліся ў Ішчолна і Скрыбаўцах

З 7 па 14 мая прайшлі святыя місіі адразу ў двух парафіях Гродзенскай дыяцэзіі: Святой Тройцы ў Ішчолна і Хрыста Валадара Сусвету ў Скрыбаўцах. На працягу 8 дзён айцы рэдэмптарысты, а. Андрэй Ядкоўскі і а. Валерый Мазюк, дапамагалі парафіянам знаходзіць адказы на турбуючыя іх пытанні і вучыцца штодзённа жыць згодна з воляй Нябеснага Айца.

Апошнія святыя місіі ў парафіі Ішчолна, як адзначаюць старажылы парафіі, праходзілі ажно ў 1917 годзе - у перыяд першых аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме. Сёлета, згодна з Божым Провідам, яны праходзілі ў 100-ую гадавіну аб'яўляенняў Найсвяцейшай Панны Марыі.

На працягу тыдня айцы рэдэмптарысты разам з парафіянамі разважалі тэмы “Бог ёсць любоў”, “Грэх і збаўленне ў Езусе Хрысце”, “Вера і навяртанне”, “Езус мой Пан” і іншыя. У рамках святых місій адбылося таксама аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, падчас якіх сямейныя пары мелі магчымасць узгадаць момант свайго шлюбу, які ў некаторых адбыўся больш за паўстагоддзя таму.

У сваю чаргу людзі церпячыя, а таксама парафіяне старэйшага ўзросту прынялі сакрамэнт намашчэння хворых. Ён дапамог ім усвядоміць, што праз свае цярпенні яны злучаюцца з ахвярай Хрыста на Крыжы дзеля збаўлення свету.

Ключавым момантам святых місій быў дзень усталявання крыжоў, якія павінны нагадваць вернікам пра перажытыя місіі і дадзеныя Богу абяццанні быць падобнымі да Хрыста.

На заканчэнне вернікі парафіі Святой Тройцы ў Ішчолна і парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Скрыбаўцах падзякавалі а. Андрэю і а. Валерыю за праведзеныя духоўныя практыкаванні і дапамогу ў крочанні да Неба.

Кс. Андрэй Кеўлюк
Паводле grodnensis.by

  • Беларусь, Гродна, Ул.Курчатава 41
  • +375 152 76 92 62
  • redemptorby@gmail.com
Яндекс.Метрика

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.