Навіны

У Гродне завяршылася ІІІ Сустрэча каталіцкай моладзі Беларусі

1 мая святой Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне завяршылася ІІІ Сустрэча каталіцкай моладзі Беларусі, якая супала з 25-мі дыяцэзіяльнымі Днямі моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.

Імшу з удзелам біскупаў Беларусі і шматлікіх святароў цэлебраваў для дзьвюх тысяч маладых людзей з розных дыяцэзій нашай краіны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў пры епіскапаце Беларусі.

Будаваць з Хрыстом – значыць заснаваць свае жаданні на Яго волі

У гаміліі біскуп Станеўскі заклікаў прысутную моладзь: “Зрабіце ўсё, дарагія сябры, каб ваша жаданне шчасця не засталося мараю, а споўнілася ў вашым жыцці. Каб ваш дом сёння і дом вашай будучыні быў домам, за які чалавека напаўняе гонар і імя якому – Жыццё”.

Па словах іерарха, “будаваць з Хрыстом – гэта значыць з Кімсьці, хто заўсёды верны, нават калі мы адмаўляем Яму ў вернасці; з Кімсьці, хто пастаянна схіляецца над маім зраненым грахом сэрцам і кажа: “Я цябе не асуджаю. Ідзі і больш не грашы””.

Будаваць з Хрыстом – гэта, як патлумачыў біскуп, значыць “заснаваць свае жаданні, амбіцыі і планы на Яго волі”, “сказаць сабе, сям’і і сябру, які абяцае любоў і вернасць у час сяброўства, а нават і ўсяму свету, сказаць Хрысту: “Пане, не хачу ў жыцці рабіць нічога супраць Цябе, бо Ты ведаеш, што найлепшае для мяне. Толькі Ты маеш словы жыцця вечнага””.

“Вандруючы праз жыццё, мы, можа, неаднойчы не ўсведамляем прысутнасць Езуса. Але менавіта гэтая прысутнасць, жывая і верная, прысутнасць, якая пачынаецца са стварэння, прысутнасць у слове Божым і Эўхарыстыі, у супольнасці людзей веруючых і ў кожным чалавеку, адкупленым каштоўнай Крывёю Хрыста, – гэтая прысутнасць з’яўляецца неўміручай крыніцай чалавечай сілы”,– дадаў іерарх.

Недастаткова толькі слова – павінна быць дзеянне

“Ці адкрылі вы ўжо сэрцы на Хрыста? – задаў біскуп пытанне маладым людзям. – Калі так, то таксама павінны ведаць, што Ён многімі адкідваецца, ігнаруецца і высмейваецца. Таму, калі ў будаванні дома вашага жыцця вы сустрэнеце тых, якія пагарджаюць фундаментам, на якім будуеце, не губляйце ахвоту. Наша вера ў Езуса мусіць часта супрацьстаяць нявер’ю іншых, каб застацца нашай верай назаўсёды”.

“Папа Францішак, звяртаючыся да моладзі ў Кракаве, сказаў: “Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас”. Дык ведайце, што Папа верыць у вас, што Касцёл верыць у вас! І вы даверцеся Касцёлу! – заклікаў іерарх. – Памятайце, што кожны Папа, кожны біскуп, святар, законніца і законнік, вашы бацькі, чалавек мудры – не выступіць супраць вас, не супрацьстане вашаму трываламу будаванню дома на скале. Больш за тое, кожны, бачачы ваша будаванне, дапаможа вам у будаванні Жыцця”.

Але, як дадаў біскуп, “недастаткова толькі слова – павінна быць дзеянне”. “Недастаткова сядзець за камп’ютарам ці ляжаць на канапе перад тэлевізарам і паўтараць: я не грашу, я чалавек веруючы. Трэба ўстаць з канапы, як гэтага ад нас хацеў у Кракаве падчас Сусветных дзён моладзі Папа Францішак, каб убачыць свет і даць свету сабой Хрыста”, – падкрэсліў іерарх.

На заканчэнне Эўхарыстыі прагучалі падзякі ўсім, хто паспрыяў арганізацыі гэтага свята моладзі, якое з’яднала столькі маладых людзей у адной мэце – каб супольна славіць Пана.

Падзяка была адрасавана і самой моладзі, якая, нягледзячы часам не вялікую адлегласць, прыбыла ў Гродна, каб засведчыць сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла і паказаць, што хоча і далей жыць з Богам.

Няхай гэты форум моладзі прынясе благаслаўлёны плён, – такім было і застаецца жаданне арганізатараў.

Агульнабеларуская сустрэча каталіцкай моладзі праходзіла ў Гродне з 29 красавіка па 1 мая. Яе дэвізaм былі абраны словы: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана” (Лк 1, 30).

У сустрэчы прыняла ўдзел моладзь з усіх дыяцэзій Беларусі. З Віцебскай дыяцэзіі прысутнічaла 115 чалавек, з Пінскай – 130, з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – 310, з Гродзенскай дыяцэзіі – больш за 1300. Маладым людзям спадарожнічалі біскупы Беларусі.

Удзел у ёй прымалі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Больш фота з ІІІ Сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі

Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская

Паводле grodnensis.by