Навіны

Спектакль-містэрыя “Аднойчы на скрыжаванні”

Спектакль-містэрыя “Аднойчы на скрыжаванні”

7 красавіка спектакль-містэрыю пад назвай “Аднойчы на скрыжаванні” прадставілі маладыя артысты Тэатра імя св. Яна Паўла ІІ, які дзейнічае пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка).

На прадстаўленні, мэтай якога было дапамагчы адпаведна падрыхтавацца да святкавання ўрачыстасці Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста, сабраліся шматлікія вернікі. Маладых артыстаў рыхтавала выконваць іх ролі кіраўніца тэатра Марына Жыбартовіч-Протас.

Для юных артыстаў тэатр стаў часткай іх жыцця. Яны любяць удзельнічаць у прадстаўленнях, якія паказваюцца з нагоды найвялікшых касцёльных святаў.

Эвеліна Лукашэвіч, якая ў тэатры толькі другі год, адзначае, што кожны раз перажывае і стараецца данесці таямніцу любові Бога да чалавека ў такі складаны час.

“Маёй роляй у гэтай пастаноўцы была роля Марыі, якая дзеля збаўлення людзей аддае самае дарагое ў жыцці – свайго Сына. Але людзі гэтага не разумеюць, яны, апынуўшыся аднойчы на скрыжаванні дарог, не могуць выбраць правільную дарогу. А правільная дарога – гэта тая, якая вядзе за Хрыстом, дарога да збаўлення”, – кажа дзяўчына.

Усе гледачы прадстаўлення пакідалі яго з вялікім задавальненнем, масай уражанняў і захапленнем. Многія адзначалі прафесійнае выкананне акцёраў і актуальнасць паслання, якое было скіравана да сучаснага чалавека. Падкрэслівалі, што ў выступленні артыстаў бачныя іх стараннасць і адданасць. Кожны жэст, кожнае слова перадае вялікую вартасць і сэнс, калі ў гэта ўкладзена душа.

“Кожная містэрыя Тэатра імя св. Яна Паўла II захапляе і, несумненна, пакідае незабыўны след у памяці, над якім разважаеш яшчэ праз некалькі дзён”, – кажа семінарыст Aндрэй Юхнік

Па яго словах, праз тэатр таксама можна евангелізаваць. Доказам гэтаму, напрыклад, стала апошняя містэрыя “Аднойчы на скрыжаванні”.

“Уваходзячы ў сутнасць слоў і таго, што адбываецца на сцэне, адкрываеш нешта новае нават у тым, што да гэтага часу было вядомым і банальным. Некаторыя моманты сапраўды прымушаюць задумацца і параўнаць са сваім жыццём”, – дадае семінарыст.

Вельмі добра, што ў нашай дыяцэзіі ёсць такі тэатр, які аб’ядноўвае маладых людзей дзеля справы абвяшчэння Евангелля. Хочацца папросту прыходзіць, глядзець і вучыцца, а гэта сведчыць аб тым, што справа добрая. А як добрую кнігу можна чытаць некалькі разоў, так і добрае выступленне можна глядзець не раз.

Kс. Юрый Марціновіч

Паводле grodnensis.by