Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Скіроўваю да вас маё пастырскае слова сёння, у трэцюю нядзелю верасня, якая завяршае сёлетнія квартальныя дні малітваў у інтэнцыях дзяцей, моладзі, настаўнікаў і выхаваўцаў.

Пасля вакацыйнага перыяду адпачынку нашы дзеці і моладзь распачалі чарговы навучальны год – час інтэнсіўнай працы над здабыццём ведаў і ўменняў, якія неабходныя для іх усебаковага развіцця і жыцця ў грамадстве. На парозе новага этапу вучобы мы атачаем малітвай нашых маладых дыяцэзіян, просячы для іх аб святле Духа Святога, аб здароўі і сілах, трываласці і працавітасці.

Нашай малітвай мы падтрымліваем таксама настаўнікаў і выхаваўцаў, каб, умацаваныя Божай ласкай і асвечаныя Духам Святым, яны не толькі паспяхова перадавалі веды сваім вучням і выхаванцам, але і здолелі таксама прывіць у сэрцах і думках маладога пакалення чуласць да дабра і прыгажосці, павагу да маральных і этычных прынцыпаў, жаданне будаваць ўласнае жыццё і дзейнасць на фундаментах праўды, справядлівасці, сумленнасці, павагі да сябе і іншых людзей.

Акрамя таго, для нас, як хрысціян, важна тое, каб адукацыйны і выхаваўчы працэс ахопліваў таксама духоўнае і рэлігійнае вымярэнне жыцця дзіцяці ці маладога чалавека. Разам са здабываннем ведаў пра акаляючы нас свет дзеці і моладзь павінны ўсё лепш і глыбей пазнаваць Бога, які ёсць яго Створцам, адкрываць для сябе Таямніцу Хрыста, які ёсць “дарога, праўда і жыццё” (Ян 14,6), адкрывацца на асвячальную дзейнасць Духа Святога, які праз веру і любоў вядзе веруючых да ўсё больш дасканалага з’яднання з Богам.

Таму сёння, на парозе новага навучальнага і катэхетычнага года, жадаю нагадаць вам, дарагія бацькі, пра абавязак дбаць аб духоўным і рэлігійным выхаванні вашых дзяцей, які ляжыць на вас.

Першым асяроддзем, у якім ад заранку дзяцінства пачынаецца працэс выхавання ў веры, з’яўляецца менавіта сям’я. Гэтая своеасаблівая сямейная катэхеза папярэджвае кожную іншую форму катэхезы і мае вырашальны, трывалы і нічым не заменны ўплыў на душу дзіцяці. Добра, калі менавіта ад бацькоў дзіця вучыцца знаку крыжа і словам малітвы, паступова пазнае асноўныя праўды веры і атрымлівае веды з катэхізісу. Нават самым найлепшым чынам арганізаваная парафіяльная катэхеза не заменіць дзіцяці прыкладу ўласных бацькоў, якія разам кленчаць для малітвы, наведваюць нядзельную святую Імшу, рэгулярна прыступаюць да святых сакрамэнтаў і рупліва спаўняюць іншыя рэлігійныя практыкі. Важна і тое, каб у хрысціянскіх сем’ях панавала атмасфера згоды і любові, дабрыні і міру, узаемнай павагі і падтрымкі ў цяжкасцях. Таксама сведчанне хрысціянскага жыцця, вельмі красамоўнае, хоць і часта маўклівае, безумоўна, пакіне трывалы след у сэрцы дзіцяці, а сістэма каштоўнасцяў, засвоеная ў дзяцінстве, знойдзе свой выраз у будучыні, у жыцці асабістым, сямейным і грамадскім заўтрашняга дарослага чалавека

Таму прашу вас, дарагія бацькі, каб вашы сем’і былі сапраўдным “хатнім Касцёлам”, у якім дзеці атрымаюць першую, базавую перадачу веры і будуць мець узор жыцця сапраўды хрысціянскага, якое вядзецца паводле Евангелля.

Гэтая сямейная катэхеза, хоць і з’яўляецца важнай і незаменнай, не вычэрпвае рэлігійнага выхавання маладога пакалення. Святы Касцёл, верны Хрыстоваму наказу абвяшчэння Добрай Навіны, прыходзіць з дапамогай хрысціянскім бацькам, рупліва і трывала рэалізуючы давераную яму місію выхавання і навучання, між іншым праз арганізацыю сістэматычнай катэхізацыі дзяцей і моладзі. Адбываецца яна паводле праграм, зацверджаных Касцёлам і прыстасаваных да ўзросту вучняў, а яе правядзенне даручана асобам, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і ўпаўнаважаны касцёльнай уладай. На ўроках рэлігіі, арганізаваных парафіямі, катэхізаваныя паступова пазнаюць Асобу і навуку Езса Хрыста, вучацца чыннаму ўдзелу ў літургіі і прыступанню да святых сакрамэнтаў, паглыбляюць жыццё малітвы і выхоўваюць уласнае сумленне. Такім чынам дзеці і моладзь узрастаюць у веры і становяцца сапраўднымі вучнямі Хрыста Пана.

Жадаю нагадаць вам, дарагія бацькі, што да вашых рэлігійных абавязкаў належыць стварэнне магчымасці для дзяцей карыстацца сістэматычнай катэхезай. Сумнай спадчынай мінулай эпохі з’яўляецца тое, што ў многіх сем’ях парафіяльная катэхеза застаецца занядбанай або трактуецца выключна як падрыхтоўка да першай споведзі і святой Камуніі. Будзем памятаць, што рэгулярнае наведванне ўрокаў рэлігіі абавязвае дзяцей і моладзь на працягу ўсяго перыяду навучання ў сярэдняй школе. Не вызваляе ад гэтага абавязку ні недахоп часу, пра які кажуць, ні заняткі дзяцей з рэпетытарам, ні ўдзел у факультатыўных занятках, у спартыўных секцыях ці сустрэчах гурткоў па інтарэсах. Бацькі, якія свядома і дабравольна занядбоўваюць катэхізацыю сваіх дзяцей, маюць сур’ёзную маральную правіну.

Звяртаюся таксама да вас, шаноўныя святары і законныя айцы, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты, са словамі ўдзячнасці за ахвярнасць і прысвячэнне, з якімі вы ў штодзённай працы рэалізуеце важную і адказную місію перадавання Добрай Навіны маладому пакаленню. Няхай Божае благаслаўленне і святло Духа Святога спадарожнічаюць вам у справе навучання і выхавання дзяцей і моладзі да жыцця веры. 

Дарагія дзеці і ўмілаваная моладзь! Як адна дыяцэзіяльная сям’я, падтрымліваем вас нашымі малітвамі і просім Пана, каб навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, быў для вас паспяховым, прынёс прагрэс у навучанні, а найперш плён узрастання вашай веры і любові да Езуса. Наведваючы рэгулярна і ахвотна ўрокі рэлігіі, будзьце адкрытыя на веды, якія перадаюць вам катэхеты, прымайце з удзячнасцю іх павучанні і заахвочванні. Няхай Божае слова, якое вы пачуеце на катэхезе, упадзе на ўрадлівую глебу вашых сэрцаў і прынясе як мага больш шчодрыя плёны дабра ў вашым жыцці.

Усім вам, умілаваныя браты і сёстры, а асабліва бацькам, настаўнікам, выхаваўцам, катэхетам, а таксама дзецям і моладзі, з сэрца благаслаўляю, жадаю шчодрасці ўсялякіх ласкаў і даручаю вас мацярынскай апецы Марыі, Сталіцы мудрасці і Каралевы нашых сем’яў.

Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі

Беларусь, Гродна,

Ул.Курчатава 41

+375 152 76 92 62

redemptorby@gmail.com

Яндекс.Метрика

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.