Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Адвэнт 2017 года

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

“Аднаві нас, Божа, і дай нам збаўленне” (пар. Пс 80, 4) – спявалі мы за хвіліну да гэтага разам з псальмістам. Сёння ў літургіі мы распачалі перыяд Адвэнту, а разам з ім новы касцёльны год. Адначасова набліжаецца да канца чарговы каляндарны год, што схіляе нас да разнастайных падсумаванняў, да разлічэння перад самімі сабой з нашых дзеянняў і імкненняў, з таго, што мы дасягнулі або чаго яшчэ не ўдалося рэалізаваць.

У літургіі Касцёла час Адвэнту, які рыхтуе нас да святаў Божага Нараджэння, з’яўляецца нагодай задумацца над найважнейшымі справамі: над станам нашай веры, над жыццём ласкі ў нас, над тым, наколькі моцная і трывалая наша сувязь з Богам, наколькі сур’ёзны і шчыры наш клопат аб уласным збаўленні. У Адвэнт Пан Бог заклікае кожнага з нас да глыбейшага погляду ва ўласнае сэрца, да ўпарадкавання духоўнага жыцця, да ўзбуджэння ў сабе жадання нястомнага ўзрастання ў веры, надзеі і любові.

У Адвэнт мы часта будзем чуць заклік да чування. Аб патрэбе чування нагадваюць нам таксама біблійныя чытанні сённяшняй літургіі Слова.

Пасланне прарока Ісаі пераносіць нас у часы вялікага і балючага выпрабавання для выбранага народу, якім была вавілонская няволя. У той час ізраільцяне страцілі ўсё: святыню, зямлю продкаў і ўвесь свой здабытак. Ісая разумее, што адзіная надзея ратунку, адзіны шанс уратавання для народу – гэта даверлівае трыванне ў веры ў адзінага і праўдзівага Бога. Таму вызнанне правінаў і скарга на нягоды пераплятаюцца ў прарока з гарачай і даверлівай малітвай, каб Пан Бог сваёй ласкай перамяніў зацвярдзелае сэрца людзей, абудзіў іх з духоўнага сну і дапамог сваім вызнаўцам захаваць моцную веру: “Вярніся дзеля слугаў Тваіх, дзеля пакаленняў спадчыны Тваёй. […] О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў, расталі б перад Табою горы. […] Пане, Ты — Айцец наш, мы — гліна, а Ты — наш ганчар, і ўсе мы — справа рукі Тваёй” (Іс 63,17.19; 64,7).

У гісторыі збаўлення, якую пазнаём са старонак Старога Запаету, сустракаюцца адзін з адным з аднаго боку чалавечая слабасць і грэшнасць, падзенні і адступніцтвы, з другога ж – абсалютная вернасць Пана Бога сваім абяцанням і бясконцая любоў да згубленага чалавецтва. Гэтую любоў аб’явіў поўным і канчатковым чынам Езус Хрыстус, Сын Божы, які прыйшоў у свет і стаўся адным з нас, каб нас вызваліць ад смерці вечнай і зрабіць спадкаемцамі жыцця вечнага. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).

Прыйсце Езуса Хрыста ў гэты свет скончыла доўгі Адвэнт, якім была ўся гісторыя чалавецтва. Споўніліся запаведзі старажытных прарокаў, сталі фактам чаканні і мары незлічоных пакаленняў, наступіла жаданае паяднанне паміж Богам, багатым міласэрнасцю (пар. Эф 2, 4), і слабым, грэшным чалавецтвам.

Адначасова распачаўся новы Адвэнт – час чакання паўторнага прыйсця Езуса Хрыста ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых. Нам не дадзена ведаць, калі гэта настане. У сваёй прыпавесці ў сённяшнім Евангеллі Пан Езус параўноўвае сябе да чалавека, “які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць” (Мк 13, 34). Пан Езус прыйшоў у свет, паказаў нам правільны шлях жыцця, навучыў сваім Словам, кожнага з нас адарыў сваімі ласкамі і вызначыў акрэсленыя заданні для выканання.

Адвэнт – гэта час, калі мы павінны задаць сабе шэраг вельмі важных пытанняў: ці з’яўляецца маё жыццё чуваннем? Ці гатовы я да сустрэчы з Панам Езусам як Суддзёй? Ці ў стане я буду здаць Яму справаздачу з таго, як выкарыстоўваў час, якім Пан Бог мяне адарыў, і незлічоныя нагоды да чынення дабра?

Многія людзі падвяргаюцца вельмі небяспечнай ілюзіі, што “ў мяне яшчэ будзе час”: на малітву, на нядзельную Эўхарыстыю, на навяртанне і прыступанне да споведзі, на паглыбленне веры, на паяднанне з бліжнім, на чыненне дабра, на клопат аб сваім духоўным жыцці… Тыя, хто трывае ў падобным фальшывым перакананні, здаецца, забываюць, што Адвэнт іх жыцця можа скончыцца кожны дзень і што тое “заўтра”, з якім яны звязваюць свае планы і надзеі, можа для іх папросту не надысці. Таму Пан Езус перасцерагае нас у сённяшнім Евангеллі: “Чувайце, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому […] каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана” (Мк 13, 35-36).

Дарагія браты і сёстры!

Літургічны перыяд Адвэнту дае нам нагоду да духоўнага абуджэння, вызвалення ад небяспечных ілюзій, да ўзмоцненай чуйнасці і адказнасці за сябе. Не будзем адкладаць на пазнейшы час найважнейшыя справы! Няхай гэты радасны час чакання, які мы маем перад сабой, будзе не толькі нашай духоўнай падрыхтоўкай да святаў Божага Нараджэння, але таксама нагодай да яшчэ больш глыбокага перажывання веры і больш свядомай рэалізацыі нашага хрысціянскага паклікання.

Пастараемся ў Адвэнт прыступіць да сакрамэнту паяднання і прыняць Пана Езуса ў святой Камуніі. Прымем духоўныя пастановы, якія ўмацуюць нас у барацьбе з грахом і больш ажывяць у нас жаданне хрысціянскай дасканаласці.

Хоць у літургіі Касцёла Адвэнт не мае выразна пакутнага характару, згодна з традыцыяй, якая трывае стагоддзі, пастараемся ў гэты час адмовіцца ад гучных забаваў і гульняў, каб больш часу і ўвагі прысвяціць духоўным справам. Няхай сёлетні Адвэнт будзе часам роздуму, духоўнай сцішанасці і слухання голасу Пана Бога, які прамаўляе да нас найперш у цішыні сэрца. Няхай ён будзе перажыты ў цвярозасці, каб мы не прапусцілі тое, што з’яўляецца найважнейшым у гэты святы час чакання.

Заахвочваю вас таксама, дарагія браты і сёстры, да ўдзелу ў традыцыйных раратніх святых Імшах. Паклапаціцеся асабліва аб тым, каб у іх удзельнічалі вашы дзеці і ўнукі. Дазвольце ім адчуць радасную атмасферу адвэнтавага чакання прыйсця Пана Езуса разам з Яго і нашай Маці, Найсвяцейшай Паннай Марыяй.

Душпастырскі год, які распачынаецца, Касцёл у Беларусі будзе перажываць пад дэвізам “Моладзь – надзея Касцёла і грамадства”. Такім чынам мы ўключымся ў падрыхтоўку да XV Звычайнага пасяджэння Сінода Біскупаў, якое адбудзецца ў Ватыкане ў кастрычніку 2018 года і будзе прысвечана справам моладзі. Ужо сёння заахвочваю вас усіх, дарагія браты і сёстры, атачыць асаблівай малітвай маладых людзей, асабліва моладзь з нашай дыяцэзіі. Няхай яна трывае моцна ў веры, адважна сведчыць аб Хрысце і рэалізуе штодзень хрысціянскае пакліканне.

Жадаю вам, дарагія дыяцэзіяне, прыгожага, глыбокага, багатага на духоўныя плёны перажывання Адвэнту. Няхай кожны з вас выкарыстае гэты час як найлепш, каб яшчэ больш наблізіцца да Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы, і належным чынам падрыхтавацца да святаў Яго Нараджэння.

Давяраю вас усіх, дарагія браты і сёстры, мацярынскай апецы Беззаганнай Дзевы Марыі і на радаснае адвэнтавае чуванне з сэрца благаслаўляю. 

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Прашу паважаных пробашчаў і адміністратараў Гродзенскай дыяцэзіі аб прачытанні Пастырскага ліста падчас кожнай святой Імшы ў I Нядзелю Адвэнту.

Беларусь, Гродна,

Ул.Курчатава 41

+375 152 76 92 62

redemptorby@gmail.com

Яндекс.Метрика

© Парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Костёл Пресвятого Искупителя в Гродно.