Пастырскія лісты

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на першую нядзелю Адвэнту 2018 года

Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на першую нядзелю Адвэнту 2018 года

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Перажываем сёння першую нядзелю Адвэнту, якая распачынае новы літургічны год, а адначасова ўводзіць нас у настрой радаснага чакання святаў Божага Нараджэння. Няпоўныя чатыры тыдні аддзяляюць нас ад дня, калі ў нашых парафіяльных святынях і сямейных дамах з глыбіні сэрцаў мы ўзнясём да Пана Бога гімн праслаўлення і ўдзячнасці за дар Уцелаўлення Яго Сына, Езуса Хрыста. Будзем праслаўляць Сына Божага за тое, што ў сваёй бясконцай любові Ён прынізіў самога сябе, прыняў чалавечае цела і стаў адным з нас. У святы Божага Нараджэння мы зноў схілімся над праўдай веры, што Езус Хрыстус, будучы праўдзівым Богам, стаўся чалавекам, каб на дрэве Крыжа здзейсніць справу адкуплення і адарыць згубленае ў грахах чалавецтва трывалай надзеяй вечнага збаўлення.

Згодна з традыцыяй і практыкай Касцёла, святкаванне Божага Нараджэння папярэджваецца перыядам Адвэнту, які для нас, хрысціян, з’яўляецца часам духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы з Нованароджаным Збаўцам. Мы запрошаны перажываць гэты час у атмасферы суму па Богу і чакання, падобна як рабілі гэта незлічоныя пакаленні Выбранага народу, якім Бог праз пасрэдніцтва прарокаў прадказаў прыйсце Месіі. Адно з такіх прароцкіх пасланняў мы пачулі сёння ў першым чытанні з Кнігі прарока Ераміі: “Вось надыходзяць дні, калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды. У тыя дні і ў той час Я ўзгадую для Давіда Парастак Справядлівасці […]. У тыя дні Юда будзе збаўлены і Ерузалем будзе жыць бяспечна” (Ер 33, 14-16). Праз доўгія стагоддзі, а асабліва ў балючыя перыяды выпрабаванняў і цяжкага досведу, якія станавіліся ўдзелам Выбранага народу, месіянская надзея, нібы промень святла ў цемры, указвала сынам Ізраэля дарогу веры і вернасці Пану Богу. У чалавечых сэрцах нарадзіўся сум па Тым, які прыйдзе, каб пакласці канец цярпенням, войнам і несправядлівасці, каб здзейсніць справу аднаўлення свету і чалавека, каб прынесці змучанаму чалавецтву жаданы супакой, згоду, паяднанне і прабачэнне.

Калі мы паглядзім на прыйсце Езуса Хрыста з перспектывы чаканняў і суму Выбранага народу, можа, нам будзе лягчэй зразумець заклік да навяртання і перамянення жыцця, які Ян Хрысціцель скіроўваў да сваіх сучаснікаў і які мы не адзін раз пачуем у адвэнтавай літургіі. Калі Збаўца прыходзіць і знаходзіцца ўжо блізка, нельга праігнараваць гэтае прыйсце, нельга застацца абыякавым, нельга закрыцца на прыняцце найцудоўнейшага дару, які Хрыстус нам прыносіць, – дару збаўлення.

Дарагія браты і сёстры! Адвэнт, які распачынаецца, скіроўвае наш позірк веры не толькі назад, да далёкага мінулага, дазваляючы духоўна пранікнуцца атмасферай чакання прыйсця Хрыста Пана. У Адвэнт таксама перад нашымі вачыма ўстае накрэслены Езусам вобраз будучыні, а дакладней – апошніх часоў. Як пачулі мы ў сённяшнім Евангеллі, “будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай” (Лк 21, 25-27). На фоне гэтага ўражваючага вобразу канца свету мы чуем скіраваныя да нас словы Хрыста, поўныя спакою і аптымізму: “Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае” (Лк 21, 28).

У святле навукі Збаўцы можна сказаць, што як наша зямное жыццё, так і гісторыя ўсяго свету з’яўляюцца своеасаблівым “адвэнтам”, бо рухаюцца няўхільна да свайго канца. Канец свету і паўторнае прыйсце Езуса Хрыста будзе падзеяй вялікай і хвалебнай, бо тады Божая справа адкуплення аб’явіцца ва ўсёй сваёй паўнаце. Для ўсіх тых, хто праз муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста Пана сталі ўдзельнікамі дару збаўлення, канец свету будзе найбольшай радасцю, бо забяспечыць ім поўнае і канчатковае з’яднанне з Богам.

Нашы разважанні аб апошніх справах не з’яўляюцца ні марамі, ні ўцяканнем ад рэчаіснасці. Яны засноўваюцца на праўдзе Божага слова, на навуцы Евангелля, аб’яўленай праз нашага Пана Езуса Хрыста. Кожны хрысціянін, які ўсведамляе сваю веру, павінен нястомна задаваць сабе пытанні: што я павінен чыніць, каб мець удзел у радасці жыцця вечнага? Як павінен паступаць, каб “адвэнт” майго зямнога жыцця вёў мяне да сустрэчы са Збаўцам? Што павінен змяніць у сваім жыцці, каб яшчэ больш адкрыцца на дар збаўлення, які дае мне Хрыстус?

Святы Касцёл, згодна з асвечанай стагоддзямі традыцыяй, запрашае нас штогод перажываць час Адвэнту ва ўнутраным засяроджанні і суцішанасці, каб, трываючы на малітве і слухаючы Божае слова, мы спыніліся на тым, што найважнейшае ў нашым жыцці. Адвэнт павінен нам дапамагчы ў духоўнай падрыхтоўцы да святаў Божага Нараджэння, каб мы маглі прывітаць Хрыста, які да нас прыходзіць, з сэрцамі, поўнымі веры і любові, адноўленымі праз асвячальную ласку і адкрытымі на Божыя заклікі.

Таму сёння звяртаюся да вас, дарагія браты і сёстры, з просьбай аб добрым, разумным, згодным з нашай верай і традыцыяй выкарыстанні часу адвэнтавага чування. Не дазволім, каб паўсюдная рэклама, выстаўленыя ўжо сёння ёлкі ў вітрынах крамаў ці настойлівыя заклікі, якія заахвочваюць да шаленства святочных закупак, перашкодзілі нам у спакойным, традыцыйным, поўным засяроджання і прасякнутым малітвай чаканні Нараджэння Хрыста Пана.

У нашым адвэнтавым чуванні будзем углядацца ў прыклад Марыі, якая з верай і любоўю чакала моманту прыйсця ў свет Сына Божага. Выразам нашай марыйнай пабожнасці з’яўляюцца традыцыйныя раратнія святыя Імшы, цэлебраваныя ў гонар Божай Маці. Пастараемся ў іх удзельнічаць, найлепш цэлымі сем’ямі, а прынамсі паклапоцімся аб тым, каб удзельнічалі ў іх дзеці і моладзь. Няхай прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі ўзбуджае як у нас, так і ў добрых і чулых сэрцах нашых наймалодшых дыяцэзіян гарачае і шчырае прагненне наследаваць Яе ў штодзённым жыцці.

У многіх парафіях арганізуюцца адвэнтавыя рэкалекцыі і дні засяроджання. Пастараемся ўжо сёння так запланаваць свой час, каб мець магчымасць прыняць у іх удзел.

Не забудзем у перыяд Адвэнту прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб мы маглі прывітаць прыходзячага Езуса з чыстым і вольным ад граху сэрцам. Няхай Нованароджаны Збаўца паселіцца не толькі ў традыцыйных стаенках, устаноўленых у нашых касцёлах і дамах, але найперш у сэрцах, якія Яго прымуць з радасцю ў святой Камуніі.

Падтрымаем таксама прыгожую традыцыю прыняцця адвэнтаваных пастановаў, якія нам дапамогуць вызваляцца ад зла і граху, развіваць у сабе цноты, паглыбляць веру і духоўнае жыццё і ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга.

Жадаю ўсім вам, дарагія браты і сёстры, прыгожага, глыбокага і ўзбагачаючага духоўна перажывання Адвэнту, а таксама поўнай веры і радасці сустрэчы з прыходзячым да нас Сынам Божым у таямніцы Яго Нараджэння.

Заклікаючы аб мацярынскім заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі – Зоркі ранішняй нашага збаўлення, – на працу адвэнтавага чування кожнага з вас, дарагія дыяцэзіяне, з сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 27 лістапада 2018 г.