Пастырскія лісты

Віншаванні бп. Аляксандра Кашкевіча на Вялікдзень 2015

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры! Як кожны год, у Велікодныя святы мы разам з жанчынамі з Евангелля скіроўваемся ў духу да гроба Хрыста. Поўныя ашаламлення, бачым камень, адсунуты ад уваходу, і разумеем, што ў гробе няма цела Езуса. Мы чуем словы анёла, якія напаўняюць нашы сумныя, устрывожаныя сэрцы радасцю і супакоем: "Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых? Яго тут няма; Ён уваскрос" (Лк 24, 5-6).

 

Хрыстос уваскрос, Хрыстос жыве і будзе жыць заўсёды. Гэтая найважнейшая праўда хрысціянскай веры дазваляе нам іншымі вачамі паглядзець на свет, на гісторыю чалавецтва і на рэчаіснасць нашага жыцця. У Пасхальнай таямніцы мы пазнаём Хрыста, як Пераможцу над сіламі зла, цемры і граху. Яго мукі і смерць з'яўляюцца задаткам нашага збаўлення, а крыж становіцца знакам Божай любові і прабачэння, брамай, якая вядзе да вечнага шчасця.

І хоць тут, на зямлі, жыццё чалавека не вызвалена ад смутку, цяжкасцей, цярпення і болю, нашыя сэрцы напоўненыя цвёрдай надзеяй, бо мы верым, што ідучы за Хрыстом па дарозе веры, мы накіроўваемся не да смерці, а да паўнаты жыцця, якое не мае канца.

Вызнаючы веру ва ўваскрослага Хрыста, мы паўтараем за святым Паўлам: "Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала? [...] Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста" (1 Кар 15, 55.57).

Дарагія Браты і Сёстры! У святы Уваскрасення Пана жадаю Вам, каб вера ў Хрыста, які ёсць з намі і жыве ў нас, стала крыніцай глыбокай унутранай радасці, моцы духа, мужнасці і стойкасці ў добрым. Нам нельга стамляцца сведчыць аб надзеі, якая ёсць у нас. Няхай Божая любоў, аб'яўленая ў таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста, асвячае нас кожны дзень і робіць здольнымі праслаўляць Бога кожным добрым учынкам.

Перажываючы разам з Вамі радасць Велікодных свят, я ахінаю Вас сваёй малітвай і з усяго сэрца бласлаўляю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі